Сузаснавальнік «Песняроў» выпусціў аўтабіяграфію

У Беларусі афіцыйна стартавалі продажы аўтабіяграфіі Уладзіслава Місевіча, які быў удзельнікам ансамбля «Песняры» з першых дзён у канцы 60-х да расколу ў канцы 1998 года. Ён да гэтага часу выступае з ансамблем «Беларускія песняры».

pesnyary_misevich_cover.jpg

Кніга «Песняры – я роман с продолженьем пишу...» створана пры ўдзеле беларускага журналіста Сяргея Трафілава і выпушчаная расійскім выдавецтвам «Кабинетный ученый». На 500 з лішкам старонак апавядаецца пра шлях легендарнага беларускага вакальна-інструментальнага ансамбля, 50 гадоў з дня заснавання якога споўніцца 1 верасня 2019 года.
Выданне распавядае пра заснаванне ансамбля «Песняры», зорныя гады беларускага ВІА №1, гісторыю знакамітых песень і праграм. Падрабязна апісана паездка ў ЗША, названая там «рускім уварваннем на заходнім рок-фронце», расказана, як ішла барацьба ансамбля з савецкай цэнзурай. А яшчэ пра скандальныя забароны, увагу да «Песняроў» з боку КДБ і пра драматычны раскол ансамбля ў 1998 годзе, калі Уладзімір Мулявін і Уладзіслаў Місевіч апынуліся па розныя бакі барыкад.
– Праца над кнігай доўжылася каля 4 гадоў – усё ж такі трэба было ахапіць, успомніць больш за паўстагоддзя, – кажа Улад Місевіч. – Я стараўся быць максімальна сумленным і арыентаваным на факты нават пры аповедзе пра самыя вострыя сітуацыі ў гісторыі «Песняроў». Не стаў хаваць і тое, што загубіла многіх удзельнікаў ансамбля – п’янства. Нездарма першапачаткова хацелі назваць кнігу «Так было...». Ну, а калі мы з Сяргеем сумняваліся ў нейкіх момантах, то перапытвалі ў Валерыя Дайнэкі, Аляксандра Кацікава і іншых удзельнікаў «Песняроў» 70-х, 80-х, 90-х.
Кнігу Уладзіслава Місевіча «Песняры – я роман с продолженьем пишу...» можна замовіць з дастаўкай па Мінску і Беларусі ў інтэрнэт-краме OZ.by.
Паводле прэс-рэліза