Святкуем 90-годдзе мінскага трамвая!
27 ліпеня Галерэя сучаснага мастацтва «Ў» у межах праекту «Кастрычніцкая: усё ўключана! усе ўключаны!» адкрывае стрыт-арт праект Андрэя Бусла «Агульны вагон». Госці адкрыцця пазнаюць гісторыю стварэння графіці і разам адсвяткуюць 90-годдзе трамвайнага руху Мінска.
Беларускі стрыт-артыст Андрэй Бусел стварыў серыю графіці ў двары Галерэі сучаснага мастацтва «Ў» на трамвайную тэматыку. Праца падымае пытанні аб адкрытасці і даступнасці вуліцы Кастрычніцкая для розных сацыяльных і ўзроставых груп. У праекце выкарыстоўваліся фота маладой беларускай фатограўкі Сашы Скукі.
Мастак у межах калектыву Hutkasmachnaa studio і ў прыватнай арт-практыцы працуе з гарадской прасторай. У апошніх працах ён надае ўвагу грамадскаму транспарту і яго ролі ў жыцці грамадства і ў прыватнасці на вуліцы Кастрычніцкая.
Андрэй Бусел, аўтар праекта «Агульны вагон»:
«Сучаснае развіццё вуліцы Кастрычніцкая адбылося пасля таго, як з вуліцы знік грамадскі транспарт і абарвалася сувязь раёна з горадам. Вядома, вуліцу нельга назваць ізаляванай, але пераломны момант усё ж здарыўся. Мне здаецца цікавым паспрабаваць зірнуць на Кастрычніцкую вачыма чалавека, якога выпадкова занесла ў моладзевы кластар. Давайце ўявім, што пасажыр трамвая выпадкова праехаў свой прыпынак і апынуўся ў свеце заводаў, якія раптам ператварыліся ў рэстараны і выставачныя пляцоўкі».
Адкрыццё праекта «Агульны вагон» пройдзе пры падтрымцы музея гарадскога пасажырскага транспарту. Пачатак у 19:00. Падчас імпрэзы будзе разыграна 10 квіткоў на экспазіцыю музея. Хто ж выцягне шчаслівы білет?