Школа пісьменніка запрашае на дзень адчыненых дзвярэй
Да сярэдзіны верасня працягнецца прыёмная кампанія на новы навучальны год у Школе маладога пісьменніка пры ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў». Каб падрабязней расказаць пра сёлетні набор і навучанне, 9 верасня у 14.00 Школа адчыніць свае дзверы для ўсіх ахвочых.
Калі вы спрабуеце пісаць прозу і дагэтуль вагаецеся, ці варта вам удзельнічаць у конкурсе на навучанне ў Школе, прыходзьце!
Старшыня ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” Барыс Пятровіч апавядзе пра перспектывы навучання ў Школе.
Выкладчыцы практычных заняткаў прапануюць невялікае заданне, якое нескладана будзе зрабіць проста падчас імпрэзы. З літаратуразнаўцай Ганнай Бутырчык вы пазнаёміцеся з прыёмам “адзіўлення”, з пісьменніцай Наталляй Паваляевай паспрабуеце будаваць дыялогі, празаік Людміла Рублеўская раскажа, як развіваць уяўленне і ўжываць мастацкія тропы.
Каардынатаркі Школы Алена Казлова і Юлія Цімафеева падрабязней раскажуць пра Школу пісьменніка і падачу заяўкі.
Школа маладога пісьменніка пры ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” — нефармальны адукацыйны праект для дарослых ад 18 гадоў. Яна працуе для тых, хто апантаны літаратурай, хто чытае і піша прозу. Яна для тых, хто хоча глыбей разумець класічныя творы айчыннай і сусветнай літаратуры, адкрываць для сябе новых аўтараў і аўтарак, атрымліваць кампетэнтнае меркаванне пра ўласную творчасць, намацваць уласны пісьменніцкі стыль, камунікаваць з такімі ж захопленымі літаратурай калегамі і каляжанкамі.
Мерапрыемства пройдзе ў музеі Петруся Броўкі па адрасе: Мінск, вул. К. Маркса, 30. Пачатак а 14 гадзіне.
Уваход на імпрэзу – вольны.
Падрабязней пра Школу
Заняткі два разы на месяц па суботах.
Навучанне — бясплатнае, група — 15-20 чалавек.
Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў