Школьнікі беларускамоўнай школы не разумеюць беларускую мову

30 траўня, акурат на «апошні званок» у школах, трапіў у мястэчка Астрынá ў Шчучынскім раёне. І мусіў перачакаць усю ўрачыстую лінейку, каб дамовіцца з настаўніцай — кіраўнічкай школьнага музэю Алаізы Пашкевіч пра наведванне музея, паведамляецца на Радыё Свабода.

mov.jpg

Уражанні ад падзеі цікавыя. Было даволі высокае кіраўніцтва абласнога і раённага маштабу, фігураваў праваслаўны святар. Мерапрыемства моцна прыпамінала савецкія часы, калі сам быў школьнікам. Стаялі піянеры, толькі не ў спрэс чырвоных, а чырвона-зялёных гальштуках, прамаўляла кіраўнічка саюзу моладзі, толькі не ВЛКСМ, а БРСМ, і прамовы, скіраваныя да выпускнікоў, у асноўным былі таго ж зместу: «В добрый пуць!», «Аканчывайце вузы і вазврашчайцесь!»
Былі і сардэчныя прамовы, класная кіраўнічка выпускнікоў не ўтрымала слязу, увогуле бывала нават урачыста і кранальна. Не сапсаваў настрою дзецям канвеер раздачы дыпломаў — мо штук 50 — за самыя розныя дасягненні. Праўда, выйшаў дырэктар мясцовага аграрнага прадпрыемства з больш канкрэтнай узнагародай — уручыў дзецям сваіх працаўнікоў за добрую вучобу і прыкладныя паводзіны прэміі па дзве базавыя велічыні. Мяркую, шмат хто з дыпламантаў не адмовіўся б памяняць каляровую паперку на такі канвэрт хай з невялікім, але рэальным зместам.
Школа афіцыйна беларускамоўная, носіць імя Цёткі, але ніводзін чалавек не прамаўляў па-беларуску. Толькі школьніца-вядоўца прачытала даволі доўгі і ўвогуле неблагі верш аўтарства ранейшай выпускніцы астрынскай школы. А потым выступіла і сама аўтарка — сённяшняя журналістка.
Пазней задаў ёй пытанне: «Вось дзецям прачыталі ваш верш на беларускай мове, а вы прамаўлялі да іх па-руску. Скажыце, а для каго вы пішаце?» Адказ быў такі, што яна напісала гэты верш яшчэ ў ХІ класе, а па-руску казала таму, што частка вучняў, асабліва малодшых клясаў... не разумеюць беларускую мову. Ну вось і прыплылі! Да сапраўднага «аканчацельнага решэнія вапроса беларускага языка».
Дарэчы, у музей Алаізы Пашкевіч мяне так і не пусцілі, пэўна, праз наяўнасць відэакамеры. Рашэнне прымаў не малады пажыццёва перапалоханы дырэктар, а кіраўнік раённай шчучынскай адукацыі Уладзімір Раманавіч Дубок. Не дапамагло і пасьведчанне аб сяброўстве ў Саюзе пісьменнікаў. І дырэктар, і кіраўнічка музея прасілі прабачэння, апошняя сама была ў шоку, казала, такое ў іх упершыню. Беларуская рэальнасьць. Усё стабільна. Лукашэнка ляціць у Аўстрыю.
Алесь Краўцэвіч