«Танцы на касцях». Павел Латушка звярнуўся да Валянціны Гаявой і ансамбля «Харошкі»
Павел Латушка заклікае адмовіцца ад выступаў у Купалаўскім тэатры: «Першымі, хто вернецца на сцэну Купалаўскага тэатра, павінны быць Купалаўцы», паведамляе tut.by.

Экс-дырэктар Купалаўскага тэатра і сябар Каардынацыйнай рады Павел Латушка пракаментаваў выступленне ансамбля «Харошкі» на сцэне Купалаўскага тэатра, якое павінна адбыцца сёння, 15 кастрычніка, і заўтра, 16 кастрычніка.
Заява з'явілася на канале палітыка ў тэлеграме.
— Выходзіць з танцамі ў тэатры ў той момант, калі ў краіне сядзяць палітвязні, калі іх катуюць у турмах, калі звальняюць дзеячаў культуры, спорту, медыцыны толькі за грамадзянскую пазіцыю — гэта ладзіць танцы на касцях, — лічыць Латушка.
Ён звярнуўся да ансамбля і яго мастацкага кіраўніка Валянціны Гаявой і заклікаў адмовіцца ад выступаў.
— Заўсёды трэба памятаць, што ў жыцці не ўсё прадаецца і купляецца. Не трэба маладушнічаць і дэманстраваць псеўда-філантропію. Толькі адмова ад выступаў у доме купалаўцаў дазволіць ансамблю «Харошкі», як і любому іншаму калектыву, захаваць сваю прафесійную рэпутацыю і чалавечы твар.
Першымі, хто вернецца на сцэну Купалаўскага тэатра, павінны быць Купалаўцы.
Іначай гэта здрада культуры і пацярпеламу народу Беларусі,
бо «Купалаўскі» — гэта не проста імя, гэта магутны сімвал
нацыянальнай культуры, які аб’ядноўвае беларусаў.
https://news.tut.by/culture/704218.html?mainnews=