Тэатр з заплюшчанымі вачыма: упершыню ў Беларусі

У Беларусі ўпершыню паставяць атмасферны спектакль для дзяцей. Гледачам прапануюць завязаць вочы, каб яны выкарыстоўвалі толькі слых, нюх і дотык. Незвычайную пастаноўку рыхтуе ў знак салідарнасці з невідушчымі людзьмі калектыў «Цім тэатр» з Гомеля пры генеральнай падтрымцы тэлеком-аператара velcom.

zakrytye_hlaza.jpg


Атмасферны спектакль адкрывае ў Беларусі новую форму тэатральных пастановак. Трупа вырашыла стварыць спектакль, які звычайныя гледачы маглі б успрымаць нароўні з інвалідамі па зроку.
«Часта людзі, у якіх ёсць праблемы са зрокам, не могуць атрымаць асалоду ад спектакля ў поўнай меры. Ім даводзіцца дадумваць, што адбываецца на сцэне, — растлумачыў дырэктар «Цім тэатра» Андрэй Бардухаеў-Арол. На наш погляд адсутнасць зрокавага ўспрымання дапаможа публіцы цалкам пагрузіцца ў спектакль і нават стаць яго часткай. За мяжой атмасферныя спектаклі цікавыя і людзям з добрым зрокам — хаця б таму, што яны дазваляюць перажыць новыя адчуванні і па-іншаму ўспрымаць п'есу».
Атмасферныя спектаклі могуць наведваць як невідушчыя людзі, так і ўсе астатнія. Хіба што апошнім прапануюць завязаць павязкай вочы. Такім чынам, публіка апынецца ў роўных умовах. Падчас пастаноўкі ёй давядзецца па максімуме задзейнічаць уяўленне. Дамагацца гэтага будуць з дапамогай сюжэту, гукавых эфектаў, вентыляцыі, водараў і іншых эфектаў.
Першы атмасферны спектакль для дзяцей будзе пастаўлены па п'есе Рагіма Мусаева «Снежная каралева» па матывах казкі Ганса Хрысціяна Андэрсана. Сюжэт захавае асноўныя лініі, а таксама пазнаёміць публіку з новымі героямі. Спектакль будзе створаны пры падтрымцы velcom.
«Падтрымка праектаў для дзяцей — частка сацыяльнай палітыкі нашай кампаніі, — адзначыў начальнік аддзела карпаратыўных камунікацый velcom Вячаслаў Смірноў. — Атмасферныя спектаклі — новы фармат тэатральнага мастацтва, які мае адразу некалькі важных мэт. Гэта тое, як мастацтва можа аб'яднаць звычайных і слабавідушчых людзей. Акрамя таго, праект нясе важны інклюзіўны складнік. Для першай атмасфернай пастаноўкі невыпадкова выбрана казка, бо вельмі важна з дзяцінства фарміраваць у грамадстве талерантнасць і інклюзіўную свядомасць».
Атмасферны спектакль стане першай такой пастаноўкай у СНД. Плануецца, што «Снежная каралева» будзе прадстаўлена публіцы ўжо праз месяц.
Паводле прэс-рэлізу