TyzenHouse 2014 збярэ ў Гродне лепшых выканаўцаў класічнай музыкі
Міжнароднае свята класічнай музыкі TyzenHouse 2014 пройдзе ў Гродне з 27 па 29 лістапада. У гэтым годзе гэта выключнае мерапрыемства завітае і ў сталіцу — заключны канцэрт фестывалю будзе паўтораны ў Белдзяржфілармоніі 1 снежня 2014 г.
Леташні TyzenHouse адзначыўся прыездам у Гродна вялікіх артыстаў сучаснасці — як прызнаных майстроў, так і маладых, узыходзячых зорак сусветнага музычнага мастацтва; у іх ліку Барыс Петрушанскі, Пётр Палэчны, Міхаіл Сіманян, Іван Карызна і Кірыл Кедук.
Як вядома, Кірылу Кедук належыць ідэя правядзення фестывалю, ён — мастацкі кіраўнік гэтага музычнага свята.
TyzenHouse 2014 стане адной з асноўных частак маштабнага шэрагу мерапрыемстваў, звязаных з атрыманнем Гроднам тытула культурнай сталіцы Беларусі ў гэтым годзе. У сувязі з гэтым, слухачоў чакаюць тры выдатныя канцэрты, кожны з якіх стане незабыўнай музычнай падзеяй.
У канцэрце адкрыцця (27.11.2014) возьмуць удзел маладыя, але ўжо тытулаваныя артысты. Чароўная Джынг Джао з Кітая (віяланчэль), выдатны музыка Хесус Рэйна з Іспаніі (скрыпка), і, мастацкі кіраўнік фестывалю, беларускі піяніст Кірыл Кедук. Музыкі вядуць актыўную канцэртную дзейнасць па ўсім свеце, выступаючы на лепшых еўрапейскіх, паўночна- і паўднёваамерыканскіх, а таксама азіяцкіх канцэртных пляцоўках. Кожны з іх з'яўляецца лаўрэатам мноства прэстыжных музычных конкурсаў. У праграме канцэрта прагучаць трыо Мендэльсона, Рахманінава, Дворжака, а таксама музыка Астара Пьяццоллы.
Другі канцэрт (28.11.2014) будзе адрасаваны да знатакаў фартэпіяннага мастацтва найвышэйшага ўзроўню. Нашым госцем стане Уладзімір Аўчыннікаў — гэты піяніст не мае патрэбы ў прадстаўленні, яго творчы шлях кажа сам за сябе. Народны артыст Расійскай Федэрацыі, прафесар Маскоўскай кансерваторыі. З красавіка 2011 — дырэктар Цэнтральнай музычнай школы пры Маскоўскай кансерваторыі. Лаўрэат Міжнародных конкурсаў-піяністаў ў Манрэалі і ў Лідсе, а таксама конкурсу імя Чайкоўскага ў Маскве. У Гродне піяніст дасць сольны канцэрт: выканае "Малюнкі з выставы" Мусаргскага, а таксама цыкл эцюдаў Скрабіна.
Канцэрт закрыцця (29.11.2014) стане вянком TyzenHouse'а 2014. Галоўнай зоркай вечара стане легендарны французскі трубач Гі Туўрон. Прафесар Парыжскай кансерваторыі, яго называюць адным з вядучых настаўнікаў класа трубы, якія калі-небудзь былі ў Францыі. З перамог на трох прэстыжных музычных конкурсах — у Мюнхене, Празе і Жэневе — пачалася бліскучая сольная кар'ера трубача, за час якой ён выканаў больш за тры тысячы канцэртаў па ўсім свеце.
Вялікі музыка выканае ў Гродне канцэрт Марчэла ў суправаджэнні Дзяржаўнага камернага аркестра Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам галоўнага дырыжора і мастацкага кіраўніка калектыву — заслужанага артыста Расіі Яўгена Бушкова. Асноўным творам заключнага вечара стане фартэпіянны канцэрт Дзмітрыя Шастаковіча No. 1. Яго мы пачуем у выкананні аднаго з самых яркіх прадстаўнікоў беларускай культуры за мяжой — Кірыла Кедук, сола трубы выканае Гі Туўрон.
Усе канцэрты ў Гродне пройдуць у вялікай зале абласнога драматычнага тэатра.
Свята класічнай музыкі TyzenHouse 2014 — адно з самых галоўных культурна-грамадскіх мерапрыемстваў Рэспублікі Беларусь гэтага года.