У Беластоку з’явіцца мяжа Польшчы і ВКЛ
У Беластоку хочуць пазначыць месца, у якім праходзіла мяжа паміж Каралеўствам Польскім і Вялікім Княствам Літоўскім. Магчыма з’явіцца памежны слуп або шыльда.
Найлепш, каб было адно і другое. Аднаго слупа без інфармацыі пра тое, што ён сімвалізуе, будзе замала, распавёў poranny.pl кіраўнік асацыяцыі “Нашы Баяры” Збігнеў Клімашэўскі.
— Пра тое, каб пазначыць, што вуліца Скарупска некалі падзяляла Карону і Літву, казалася неаднаразова. Я цешуся, што горад нарэшце вырашыў гэта зрабіць. На вуліцы Скарупскай маглі б затрымлівацца турыстычныя экскурсіі, каб зрабіць фотаздымкі ў гэтым гістарычным месцы.
Гэта месца дакладна стала б турыстычнай цікавосткай, падкрэслівае Клімашэўскі.
Нагодай для таго, каб нагадаць пра былую мяжу, з’яўляецца рэканструкцыя вуліцы, якая завершыцца ў гэтым годзе, кажа Ганна Кавальска з магістрату. “Пакуль мы думаем, у якой форме адзначыць гэты гістарычны факт”, — кажа яна.
Ніякія рашэнні пакуль не прынятыя, Збігнеў Клімашэўскі мяркуе, што было б лепш паставіць слуп і памятнаю шыльду на скрыжаванні вул. Скарупскай і Вікторыі ці з Кашыковай. Гэтыя два месцы падаюцца натуральнымі, бо дзве гэтыя гістарычныя вуліцы з’яўляюцца так званым сэрцам Баяр (раён Беластока), адзначае Збігнеў Клімашэўскі.
Гісторык Веслаў Урубель сцвярджае, што мяжа на 100 працэнтаў праходзіла па сучаснай вуліцы Скарупскай. Няцотныя нумары — гэта тэрыторыя Кароны, а цотныя ВКЛ.
Паводле www.racyja.com