«У чаканні варвараў». Святлана Алексіевіч працуе над новай кнігай

Лаўрэатка Нобелеўскай прэміі па літаратуры Святлана Алексіевіч 14 студзеня 2024 года сустрэлася са сваімі чытачамі ў Берліне. Пісьменніца расказала, што працуе над новай кнігай, піша pozirk.online.

Святлана Алексіевіч на берлінскай сустрэчы ў рамках цыкла «Падарожжа як самапазнанне»Фота: «Позірк»

Святлана Алексіевіч на берлінскай сустрэчы ў рамках цыкла «Падарожжа як самапазнанне»

Фота: «Позірк»

На сустрэчы Алексіевіч распавяла, што працуе над новай кнігай — пра цяперашні час. Чарнавую назву «У чаканні варвараў» яна запазычыла ў аўтара аднайменнага верша, грэчаскага паэта пачатку XX стагоддзя Канстанцінаса Кавафіса.

«Мы ўсе цяпер неяк бездапаможна застылі і ўвесь час апавядаем сабе [пра] страшнае наша жыццё, [прыводзім] прыклады і чакаем варвараў», — сказала пісьменніца.

Больш за ўсё, паводле яе слоў, у кнізе будзе «пра рэвалюцыю» 2020 года ў Беларусі, «пра нашу спробу». 

«Нягледзячы на тое, што ўвесь час казалі “Пакуль мы не пачнём паліць шыны, мы не даможамся волі”, я была супраць крыві, — падкрэсліла Алексіевіч. — Мой дом у цэнтры горада. Штораніцу я бачыла, якая колькасць вайсковай тэхнікі ішла ў горад. І я ўяўляла, што калі выйдуць студэнты (а першымі, вядома, выйдуць маладыя людзі), то яны будуць усе знішчаны».

Глядзіце таксама

Цяпер беларусаў і яе асабіста (у 2020 годзе літаратарка ўвайшла ў прэзідыум Каардынацыйнай рады па ўрэгуляванні палітычнага крызісу) дакараюць тым, што пратэст быў мірным, калі «трэба было паліць шыны і кідаць кактэйлі Молатава».

«Наш народ у той момант не быў гатовы да кактэйляў Молатава. Мы ішлі [на маршы пратэсту] як на свята, бралі дзяцей, нават хатніх гадаванцаў. Гэта было так прыгожа, так здорава, — сказала Алексіевіч.

— Мне здавалася, што мы прапануем іншы варыянт перамены жыцця і ўлады — неабавязкова праз кроў, што можна інакш. Але не, нас вельмі хутка сцягнулі на зямлю — і зноў кроў».

Знаходзіць герояў для новай кнігі пісьменніцы няцяжка, бо «каля мільёна беларусаў за мяжой»: «Калі я не магу паехаць у Беларусь, то з яе прыязджаюць людзі, і я магу з імі сустрэцца».

«Праблема ў ідэі. Сабраць кучу кашмараў нашых, калекцыю гэтых жахаў — гэта не тое. Сёння трэба на шмат пытанняў нанава адказаць, таму я так доўга пішу гэтую сваю кнігу», — падкрэсліла яна.

Аднак ствараць яе, прызналася пісьменніца, цяжка, бо «зверства чалавечае, жывёльнае», што «выпаўзае», ёй «не толькі брыдка», яно яе «паралізуе як чалавека».

«Я не ведаю, як з гэтым пасля жыць. Ёсць роспач. Суцешыцца няма чым — зло досыць драпежная рэч. Ты ў гэта апускаешся і пачынаеш вывучаць. Галоўнае не зрабіць гэта так цікава, каб людзей гэтае зло не прыцягаала, а, наадварот, паказвала, якое яно бяздоннае. Дабро прасцей, пра яго цяжэй пісаць», — прызналася Алексіевіч.