У Гародні – ХІ фэст нацыянальных культураў
На ХІ фэсце нацыянальных культур, што адбываецца ў Гародні 3-5 чэрвеня, амаль не прадстаўлена беларуская нацыянальная культура. Са сцэны фэста гучаць выступы народных ансамбляў, аднак людзей, якія б рэкламавалі беларускія нацыянальныя сімвалы, амаль няма.

Хіба адзіным месцам, апроч гарадзенскай крамы „Ц”, дзе можна падчас фэста набыць нацыянальныя кашулі і прэзенты з Пагоней, з’яўляецца крама Symbal.by, якая адмыслова прывезла свае рэчы на фэст. Распавядае яе кіраўнік Павел Белавус:
— Упершыню мы ўдзельнічаем у свяце нацыянальных культураў, якое праходзіць у Гародні. Вырашылі паўдзельнічаць, паказаць сучасныя варыянты беларускіх сувеніраў, якія добра характарызуюць і нацыянальную культуру, і мову, і нашыя традыцыі. Я вось сёння прайшоўся па ўсім кірмашы і, на жаль, акрамя нас убачыў толькі некалькі прыкладаў, калі сапраўды прадаюць цікавыя рэчы, звязаныя з Беларуссю.

На вуліцы Савецкай у Гародні два дні падчас фэсту будзе працаваць вялікі кірмаш народных творцаў, што паказваюць розныя народныя вырабы з ільну і шкла, каваныя вырабы, а прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў розных нацыянальнасцяў частуюць смачнымі нацыянальнымі стравамі.

Гародня на два дні адкрыла свой горад для ХІ рэспубліканскага фэсту нацыянальных культураў. У цэнтры горада працуюць 20 падворкаў, на якіх прадстаўленыя больш за 30 розных нацыянальнасцяў. Грузіны і габрэі, беларусы і рускія, самымі цікавымі з’яўляюцца венесуэльцы і карэйцы — усе яны песнямі ды танцамі рэпрэзентуюць свае этнасы і культуры. Пра тое, што для яго значыць гэты фэст распавядае адзін з яго пачынальнікаў, старшыня гарадзенскага аб’яднання грузін Манія Елгуджы:
— У 1998 годзе я пачаў гэты фестываль. Сёння для мяне 10-ы фестываль, юбілейны. Зараз накрыем тут грузінскі стол, будуць гучаць песні з анекдотамі і добрымі тостамі. Выдатны фестываль. Народ святкуе. Калі добры, святочны настрой — гэта выдатна.

Грузіны на сваім падворку сустракалі сваёй гасціннасцю: песні і танцы, а шаноўных гасцей частавалі грузінскімі пачастункамі – шашлыком і сырам. А для малодшых удзельнікаў фэста быў зроблены вялізны торт з нацыянальным сцягам.

Фэст нацыянальных культураў пачаўся ў Гародні з парада 3 чэрвеня. Першымі парад пачалі матацыклісты, у некаторых былі расейскія трыкалёры. Пасля праехалі рарытэтныя аўтамабілі. Усяго прайшлі праз Савецкую вуліцу 35 нацыянальных дэлегацыяў. Былі маленькія, напрыклад, 2 чалавекі дэлегацыі Шры Ланка. Найбольш вялікія прадстаўніцтвы на парадзе: расейцы і палякі. Для арганізацыі масавасці ўздоўж пешаходнай вуліцы Савецкай вітаць удзельнікаў былі прыведзены работнікі бюджэтнай сферы з дзецьмі, вучні, студэнты. На працягу двух дзён 4-5 чэрвеня будуць працаваць дваццаць два нацыянальныя падворкі. Фэст вельмі перасычаны на мерапрыемствы і канцэрты. Ад класічнай музыкі да папулярнай. Выступы народных калектываў, пленэры, прэзентацыі, продаж працаў народных майстроў, фейверкі. Уваход у цэнтр Гародні перакрыты. Транспарт скіроўваюць у аб’езд. А тым, хто раптам захоча падзівіцца на мерапрыемствы, трэба прайсці рамкі з міліцыяй.

Паводле racyja.com