У Канадзе знойдзена новае паселішча вікінгаў
На мысе Пуант-Розэ, на паўднёвым захадзе вострава Ньюфаўндленд, каманда археолагаў пад кіраўніцтвам Сары Паркак (Sarah Parcak) у ходзе пробных раскопак выявіла рэшткі паселішча вікінгаў. Пуант-Розэ стаў другім выяўленым паселішчам вікінгаў у Паўночнай Амерыцы за межамі Грэнландыі. У 1960 годзе на тым жа Ньюфаундлэндзе, прыкладна ў 480 кіламетрах ад Пуант-Розэ, было знойдзена вікінгскае паселішча Л'Анс-о-Медоўз.
Сара Паркак атрымала вядомасць, выкарыстоўваючы для пошуку археалагічных аб'ектаў здымкі, зробленыя з космасу. Больш за дзесяць гадоў яна працавала пераважна ў Егіпце, але нядаўна прыступіла да пошукаў слядоў вікінгаў у Паўночнай Амерыцы. Вывучаючы зробленыя са спадарожніка інфрачырвоныя здымкі высокага разрознення, Сара Паркак выявіла ў мысе Пуант-Розэ мясцовасць, дзе цёмны колер глебы і прастакутныя структуры паказвалі на наяўнасць старажытнага паселішча. Паказанні магнітометра паказвалі на высокую канцэнтрацыю жалеза.
На працягу двух тыдняў археолагі, якія выехалі на месца, знайшлі рэшткі сцен з дзёрну, а таксама месца, дзе выплаўлялі жалеза. Валуны, з якіх быў складзены ачаг, нясуць на сабе сляды агню. Таксама ў гэтым месце знаходзіцца пласт попелу, кавалкі шлака і жалезнай руды. Аналагічнае збудаванне для выплаўлення балотнага жалеза існавала і ў паселішчы Л'Анс-о-Медоўз. Спосаб здабычы жалеза, які выкарыстоўвалі жыхары Пуант-Розэ, вельмі характэрны для вікінгаў. Сара Паркак кажа: «Альбо гэта зусім новая культура, якая выглядае гэтак жа сама, як скандынаўская, і мы не ведаем, што гэта. Альбо гэта самае заходняе скандынаўскае паселішча, якое мы калі-небудзь знаходзілі».
Радыёвуглеродны аналіз паказвае, што паселішча ў Пуант-Розэ існавала паміж 800 і 1300 гадамі. Пакуль навукоўцы не прыйшлі да рашэння, ці было гэта сталае паселішча ці часовае, створанае для здабычы жалеза з балотнай руды. Каманда археолагаў адновіць раскопкі летам гэтага года.
Паводле Pro Science