У Каралішчавічы і Сёмкава — з «Менскім велашпацырам»
На гэтым тыдні суполка «Менскі велашпацыр» прапануе дзве ўнікальныя загарадныя велапаездкі. Першая спадабаецца ўсім, хто хоча на паўдня развеяцца ад хатніх клопатаў, другая ж стане паўнавартаснай прыгодай-падарожжам на цэлы дзень.
У суботу можна будзе атрымаць асалоду ад загарадных вятроў і наведаць старое мінскае прадмесце Каралішчавічы пад Мінскам, якое захоўвае памяць пра айчынную шляхецкую культуру, паэзію і кулінарыю. Акрамя таго ў маршрут уваходзіць кароткае экскурсійнае наведванне Брамы памяці ў Трасцянцы і індустрыяльнай любові мінскіх фатографаў — могілак вежавых кранаў.
А ў нядзелю велагіды запрашаюць у працяглую загарадную паездку ў сядзібна-паркавы комплекс Сёмкава. Праехаўшы па Старавіленскім тракце, што прытаіўся ў лесе пад Мінскам, прыпыніўшыся ў гістарычных вёсках і ля іх помнікаў па дарозе, вандроўнікі наведаюць старадаўні маёнтак Хмараў з руінамі велічнага палаца, паркамі і мноствам іншых цікавостак. А перад пачаткам шляху ў адваротны бок затрымаюцца на маляўнічым беразе возера Сялюты.
Усе маршруты пабудаваны з улікам эпідэміялагічнай сітуацыі ў краіне, а ўдзельнікі прынцыпова малой групы абавязуюцца выконваць правілы эпідэміялагічнай бяспекі.
Далучыцца да вандровак можна на сайце праекта, а таксама праз спасылкі ў сацсетках: УКантакце, Фэйсбуку, Інстаграме.
Паводле прэс-рэліза