У Лідзе ўлады абвясцілі конкурс на помнік князю Гедыміну

Помнік заснавальніку замка і горада Ліды — князю Гедыміну, паводле палажэння аб конкурсе, плануюць усталяваць побач з паўночнай сцяной Лідскага замка.

hedymin.jpg

У палажэнні аб арганізацыі і правядзенні конкурсу эскізных праектаў помніка «Заснавальнік замка — князь Гедымін» гаворыцца, што кампазыцыйнае і пластычнае рашэнне помніка павінна быць вытрымана ў найлепшых традыцыях класічнага нацыянальнага манументальнага мастацтва.
Кіраўнік Лідзкай гарадзкой арганізацыі ТБМ Станіслаў Суднік адзначае яшчэ адно важнае патрабаванне: у конкурсе могуць браць удзел скульптары і архітэктары, якія маюць прафесійную адукацыю.
«Пачытаўшы палажэнне аб конкурсе, я не знайшоў там упамінання менавіта пра конны помнік, бо размова ўвесь час вялася менавіта пра конны помнік князю Гедыміну. Мне здаецца, што перавагу будзе мець менавіта такі праект. Князь Гедымін, дарэчы, не проста заснавальнік замка, але і горада, і ён павінен быць з усімі атрыбутамі вялікакняскай улады. Праўда, я перакананы, што беларускія скульптары гэта і самі выдатна разумеюць».
Прыём працаў на конкурс скончыцца 15 лістапада.
Паводле Нашай Нівы