У Лідзе ўсталююць помнік князю Гедыміну. Каля сарака мастакоў прадставяць свае эскізы на конкурс

У Лідзе каля замка ўсталююць помнік князю Гедыміну. Свае эскізныя праекты на конкурс прадставяць каля сарака скульптараў і архітэктараў, а ўсталююць скульптуру за кошт ахвяраванняў і спонсараў,

b114563c_ef44_431c_bb5d_dca798441cc1_cx0_cy5_cw0_w1023_r1_s.jpg


Конкурс эскізных праектаў помніка “Заснавальнік замка – князь Гедымін” ладзіў Лідскі райвыканкам, піша hrodna.life са спасылкай на "Гродзенскую праўду".
– Мы атрымалі сорак заявак ад прафесійных скульптараў, архітэктараў з Ліды, Гродна, Мінска, Віцебска, Магілёва, – распавядае намеснік старшыні Лідскага райвыканкама Віктар Пранюк. – Далей да 15 студзеня ўдзельнікі конкурсу прадставяць нам свае эскізныя праекты, з якіх экспертная рада (камісія), у якую ўвойдуць прадстаўнікі ўлады, прафесіяналы ад мастацтва, прадстаўнікі грамадскасці, СМІ, абярэ лепшы эскіз і вызначыць пераможцу. Гэтая праца і будзе ўвасоблена.
Віктар Пранюк падкрэслівае, што сур’ёзных абмежаванняў і ўмоваў творчым людзям не ставяць: важна, каб вобраз заснавальніка Ліды адпавядаў гістарычнаму вобразу і быў намаляваны на кані.
– Гэта даніна павагі чалавеку і дзяржаўнаму дзеячу, які змог аб’яднаць шматкультурныя і шматмоўныя народы Вялікага княства Літоўскага, – падкрэслівае ён. – Ён з’яўляўся адным з самых яскравых прыкладаў мудрага кіраўніка-патрыёта, сімвалізуе справядлівасць і адзінства.
 

6b2d3ffe27bbd901e92196232c04e098.jpg

Помнік вялікаму князю літоўскаму, згодна з генеральным планам, будзе ўсталяваны ў скверы на скрыжаванні вуліц Грунвальдская і Замкавая, каля паўночнай сцяны Лідскага замка за кошт сродкаў добраахвотных ахвяраванняў грамадзян і арганізацый, спонсарскіх сродкаў.
Гедымін – вялікі князь літоўскі (1316-1341), падчас кіравання якога тэрыторыя ВКЛ павялічылася ўдвая, лічыцца заснавальнікам Ліды: ў 1323 годзе ён пачаў будаўніцтва Лідскага замка, вакол якога паступова выраслі паселішчы, увёў назву Ліда ў гістарычныя хронікі. Памяць аб заснавальніку Ліды захоўваецца ў Лідскім гісторыка-культурным музеі, назве вуліц і аб’ектаў.