У мінскай філармоніі пасля даносу скасавалі канцэрты памяці ахвяр Халакосту
«Свабодзе» стала вядома, што запланаваныя на 20 і 22 лістапада канцэрты пад назвай «Жоўтыя зоркі», на якіх мелася выконвацца 13-я сімфонія Дзмітрыя Шастаковіча «Бабін Яр», скасаваныя пасля даносу «неабыякавага» грамадзяніна.
Канцэрты памяці ахвяр Халакосту ладзіліся ў Мінску і іншых гарадах Беларусі з 2018 года. На сёлетнія канцэрты ў Мінску быў запрошаны дырыжор з Аўстрыі.
Нехта Іван Нікіфараў накіраваў 30 лістапада па электроннай пошце ў Міністэрства культуры Беларусі ліст наступнага зместу:
«Так званыя „праекты“ — „Жоўтыя зоркі“, „Пакуль не ідуць тытры“ і іншыя (Мінск, Брэст і г. д.) падаюцца як дабрачынныя, але насамрэч сродкі ад іх ідуць на падтрымку апазіцыйных арганізацый (напрыклад, Гродзенскі хоспіс), і прыцягваюцца артысты, якія бяруць удзел у апазіцыйных акцыях.
Раптам аказваецца, што сёлета арганізатар Ганна Лянькова запланавала іх у Белдзяржфілармоніі. Трэба спыніць гэтую дзейнасць ва ўсіх дзяржаўных канцэртных арганізацыях, не толькі ў Мінску, але і ў іншых гарадах.
Ніжэй прыкладаюцца скрыншоты — дзейнасць „арганізатара“ і Гродзенскага хоспісу».
У адказ на гэты зварот начальніца галоўнага ўпраўлення дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў і прафесійнага мастацтва Ірына Дрыга накіравала ліст генеральнаму дырэктару Белдзяржфілармоніі з загадам разабрацца і праінфармаваць заяўніка і Міністэрства культуры.
Пасля разбору ў той жа дзень, 2 снежня, стала вядома, што канцэрты 20 і 22 снежня ў Белдзяржфілармоніі скасаваныя.
Вядома, што арганізатарка канцэртаў Ганна Лянькова — унучка «праведнікаў народаў свету».
Гэтае званне дзяржава Ізраіль надае тым, хто ў Другую сусветную вайну ратаваў яўрэяў.