У Мінску адбудуцца майстар-класы па традыцыйных беларускіх рамёствах

Грамадская культурніцкая кампанія «Будзьма беларусамі!» і Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры запрашаюць на цыкл майстар-класаў «Беларускія рамёствы. Традыцыі і сучаснасць».

majstar_klas.jpg


Ці ведаеце вы ў якім посудзе гатавалі ежу нашы прабабулі і прадзядулі, з якімі цацкамі яны гулялі, як упрыгожвалі сваё жытло? А хто такія шапавалы? А навошта ў беларускіх хатах вешалі павука? На майстар-класах вы не толькі атрымаеце адказы на гэтыя пытанні, але і дазнаецеся пра шматлікія іншыя цікавосткі з традыцый нашых продкаў. Пад кіраўніцтвам лепшых майстроў Беларусі вы самі, уласнымі рукамі створыце цудоўныя рэчы, якія вам будуць штодня
дарыць радасць, ці стануць незвычайным падарункам для блізкіх і сяброў.
У межах цыкла адбудуцца майстар-класы па:
- валянні з воўны,
- пляценні паясоў на бердзечках,
- выцінанцы,
- саломапляценні,
- вышыўцы
- майстар-класы па кераміцы і інш.
Першы майстар-клас па вырабе керамічных упрыгожанняў адбудзецца 15 траўня. Падчас майстар-класу удзельнікі і ўдзельніцы зробяць керамічную птушку-брошку, якая стане эксклюзіўным упрыгожаннем і будзе нагадваць пра вясну і сонца нават у самыя змрочныя дні.
Праводзіць майстар-клас Наталля Цэван – мастак, кераміст, выкладчык, член Саюза беларускіх майстроў народнай творчасці, удзельнік шматлікіх мастацкіх выставаў.
Дзе: Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры (г. Мінск, вул. М.Багдановіча, 13)
Калі: 15 траўня (серада), 18:00
Кошт: 20 рублёў
Паводле adukacyja.info