У Мінску — дабрачынны канцэрт Змітра Вайцюшкевіча (фота, відэа)
Музычная імпрэза, якая праходзіць у актавай зале мінскай сярэдняй школы №48 у межах сустрэчы з выбаршчыкамі кандыдата ў дэпутаты Марыны Хоміч, прысвечаная памяці загінулага ў баях за незалежнасць Украіны беларуса Алеся Чаркашына.
Зміцер Вайцюшкевіч выконваў песні на словы Уладзіміра Някляева, Пятруся Броўкі і іншыя. Варта адзначыць, што прадстаўнік акруговай выбарчай камісіі Міхаіл Савановіч папярэдзіў, што канцэрт незаконны.
Сярод прысутных таксама збіралі подпісы пад зваротам супраць "чорных спісаў" беларускіх музыкаў.
Дарэчы, ужо некалькі гадоў Зміцер не мае магчымасці легальна арганізаваць свой канцэрт у Беларусі.
Усе спробы гэта зрабіць сканчаюцца адмовамі і забаронамі з боку дзяржаўных структур. Падчас канцэрта прагучалі лепшыя творы са шматлікіх праектаў Змітра Вайцюшкевіча, прысвечаных каханню, роднаму краю і ўсім шчырым беларусам.
Прысутныя рабілі ахвяраванні на помнік Алесю Чаркашыну, які плануецца адкрыць на могілках пад Брэстам на дзень нараджэння Алеся 27 верасня. Ахвярваць на помнік таксама можна праз картку «Беларусбанк»: нумар карткі: 9112 0001 5805 4367, тэрмін дзеяння: 09/20, уладальнік: Чаркашын Ігар Мікалаевіч (брат Алеся).
Нагадаем, 10 жніўня 2015 года беларускі актывіст і добраахвотнік Алесь Чаркашын быў цяжка паранены ў баі пад Старагнатаўкай на Данбасе, а 28 жніўня памёр ад ранаў.