У Мінску прайшоў папярэдні паказ фільма «Шторм: Палаючы лiст» у беларускай агучцы
Упершыню ў Беларусі фільм на беларускай мове выйшаў у масавы пракат. За два дні да прэм'еры ў velcom cinema by Silver Screen адбыўся папярэднi паказ нідэрландскай кінастужкі «Шторм: Палаючы лiст» для журналістаў і блогераў.

Ініцыятарамі ўнікальнай кінападзеі выступілі кампанія «Кiнаконг» сумесна з velcom і «Атлант Тэлекам».
Фільм «Шторм: Палаючы лiст», створаны ў 2017 годзе ў Нідэрландах, апавядае гісторыю 500-гадовай даўніны. У атмасферы позняга сярэднявечча, на фоне вогнішчаў інквізіцыі, разгортваецца гісторыя ўратавання рукапісу Марціна Лютэра. Галоўную ролю ў ёй належыць выканаць 12-гадоваму Шторму Вотану. Ці здолее ён зберагчы каштоўны ліст ад знішчэння, а свайго бацьку – ад інквізіцыі? Даведацца пра гэта будзе цікава як юным, так і дарослым гледачам.

«Мы выбралі гэты фільм невыпадкова. Яго сюжэт цесна пераплятаецца з адной важнай гістарычнай датай – 500-годдзем беларускага кнігадрукавання. Удвая сімвалічна, што гэтая карціна выходзіць у мінскі кінапракат адразу на беларускай мове. Спадзяюся, што з часам гэта стане звыклай практыкай для ўсіх кінасеансаў у нашай краіне», – адзначыў начальнік аддзела карпаратыўных камунікацый кампаніі velcom Вячаслаў Смірноў.
Кінастужка будзе ісці ў шасці кінатэатрах Мінска з 27 кастрычніка па 8 лістапада. А ў лістападзе яе змогуць убачыць жыхары іншых беларускіх гарадоў.

«Выхад у масавы пракат фільма «Шторм» на беларускай мове – гэта новы этап у развіцці праекта «Беларускія ўікэнды». Упершыню ў рамках праекта мы дэманструем на вялікіх экранах прэм'еру 2017 года. Усё гэта адбываецца дзякуючы падтрымцы партнёраў і шчырай цікавасці з боку гледачоў», – распавёў кіраўнік праекта «Беларускія ўікэнды» Андрэй Кім.
Кожнага гледача чакае не толькі цікавая гісторыя, але і прыемныя сюрпрызы, звязаныя з двума вялікімі юбілеямі гэтага года: 500-годдзем Рэфармацыі і 500-годдзем беларускага кнігадрукавання. Адным з сюрпрызаў для гасцей «Беларускіх уікэндаў» стане сапраўдны друкарскі станок. Яго можна будзе ўбачыць у кінатэатрах Мінска ў дні паказаў фільма: з 27 па 29 кастрычніка – у кінатэатры «Масква», з 30 кастрычніка па 8 лістапада – у кінатэатры «Беларусь».
Другім сюрпрызам стане графіці ад творчага дуэта ТАКТАК, якое з'явіцца на адной з вуліц Мінска ў якасці падарунка да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання ад кампаніі velcom.
Паводле прэс-рэліза