У Мінску ўпершыню прадставяць матэрыялы з асабістага архіву сям'і Алеся Дудара

У 2019 годзе святкуюцца 115 год з дня нараджэння Алеся Дудара, 220 год з дня нараджэння Аляксандра Пушкіна, 270 год з дня нараджэння Іагана Гётэ. З гэтай нагоды Літаратурны музей Петруся Броўкі стварае выставу «Адлюстраванні», якая акцэнтуе ўвагу на містычных супадзеннях лёса Алеся Дудара з лёсамі Аляксандра Пушкіна і Іагана Гётэ — паэтамі, творы якіх ён перакладаў.

afisza_49.jpg

Пераклад — гэта адлюстраванне арыгінальнага тэксту, якое патрабуе і мастацкіх здольнасцей, і таленту. У творчым працэсе перакладчык на нейкі час амаль пераўвасабляецца ў аўтара, жыве думкамі, ідэямі, нават рытмам і мелодыкай арыгінальнага твора, адчувае ўнутраны свет яго герояў. Пераклад становіцца нібы люстэркам, якое адлюстроўвае вобразы арыгінала сродкамі іншай мовы, для носьбітаў іншай культуры.
Выстава “Адлюстраванні” ўпершыню прадставіць вашай увазе матэрыялы з асабістага архіва сям’і Алеся Дудара. Таксама вы ўбачыце музейныя прадметы з фондаў Літаратурнага музея Петруся Броўкі, Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, матэрыялы з Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі.
Спецыяльны госць — Ганна Севярынец, літаратуразнаўца, пісьменніца, даследчык жыцця і творчасці Алеся Дудара, укладальнік кнігі “Выбраныя творы” Алеся Дудара (2017).
Выстава "Адлюстраванні" адкрыецца 5 лістапада а 18-й гадзіне. Уваход на адкрыццё вольны!
Выстава працуе з 5 лістапада па 14 снежня 2019 года.
Месца правядзення: Літаратурны музей Петруся Броўкі (г. Мінск, вул. К.Маркса, 30).
Кантактныя тэлефоны: (017) 327-27-50, (017) 226-09-81.
Паводле прэс-рэлізу