У Міры ўсталёўваюць шыльды з гістарычнымі назвамі вуліц
На дамах у гарадcкім пасёлку Мір усталёўваюць новыя шыльды. На іх побач з сучаснымі назвамі вуліц мястэчка — і гістарычныя.
Усяго будзе ўсталявана 76 новых шыльдаў. Яны вырабленыя за грошы і з ініцыятывы музея «Замкавы комплекс «Мір». Вуліца Ленінградская некалі была Завальнай, Маскоўская — Глухой, Чырвонаармейская — Нясвіжскай, Піянерская — Падолам або Броварамі.
Як паведамілі Свабодзе ў музеі, праект вяртання гістарычных назваў вуліц прадставілі ў Міры ў чэрвені 2016 году на сельскім сходзе. Мясцовай супольнасці музейная ініцыятыва спадабалася.
«Стаўленне ва ўсіх станоўчае, — сказала Радыё Свабода Анаіт Арзуманян, спецыяліст па сувязях з грамадскасцю ў музеі. — Некаторыя жыхары нават прапаноўвалі заплаціць за шыльды, якія прымацоўвалі да іхніх дамоў. Але мы тлумачылі, што ініцыятыва — цалкам нашага музэю, і, адпаведна, нікому з жыхароў нічога плаціць ня трэба».
Ідэю прадубляваць сучасныя назвы гістарычнымі супрацоўнікі музея пазычылі ў Смаленску. Туды яны ездзілі на пачатку лета на міжнародную навукова-практычную канферэнцыю.
Таксама ў лютым 2016 году ў Федэральным архіве нямецкага гораду Кобленца Вольга Папко, дырэктарка музея, знайшла дзве мапы Міра XIX стагоддзя. Адтуль і ўзялі гістарычныя назвы вуліц.
Грамадска-культурны праект «Гістарычныя назвы вуліц Міра» ладзіцца дзеля папулярызацыі гістарычнай спадчыны Міра. Супрацоўнікі музея праводзяць экскурсіі ня толькі на тэрыторыі замкавага комплексу, але і па самім мястэчку. У музеі лічаць, што са з'яўленьнем гістарычных назваў XIX стагоддзя такія экскурсіі будуць больш цікавымі і нагляднымі.
«Старыя шыльды з будынкаў не прыбіраюцца, да іх проста дадаюць новыя, бо афіцыйна назваў вуліц ніхто не змяняе, — сказала Арзуманян. — Дадаюцца шыльды толькі на тыя вуліцы, якія прысутнічаюць на згаданых мапах».
Некаторыя сучасныя вуліцы ў XIX стагоддзі былі падзеленыя на дзве часткі з рознымі назвамі, а некаторыя, наадварот, былі часткамі адной доўгай вуліцы.
Таксама ў цэнтры Міра з'явяцца тыя самыя мапы XIX стагоддзя, раздрукаваныя на вялікіх шчытах.