У Наваградку хочуць паставіць помнік Міндоўгу, ідзе збор грошай
Ініцыятыва належыць Наваградскаму райвыканкаму.
Ідэя ўсталяваць помнік ўпершыню была выказана і абгрунтавана ў 2003 годзе на Міжнароднай навуковай канферэнцыі, якая праводзілася ў Наваградку і была прысвечана 750-годдзю каранацыі князя (у 1253 г. ён атрымаў каралеўскую карону ад Папы Рымскага Інакенція IV і быў каранаваны ў Наваградку), гаворыцца на сайце выканкама.
Міндоўг — заснавальнік і першы кіраўнік Вялікага Княства Літоўскага, у якім была рэалізавана адна з гістарычных формаў дзяржаўнасці на беларускіх землях. У Наваградку знаходзілася галоўная рэзідэнцыя князя.
Устаноўка і адкрыццё помніка на гарадской плошчы ў Наваградку ўхвалена Міністэрствам культуры.
З 24 верасня па 26 кастрычніка 2012 года быў праведзены конкурс эскізных праектаў помніка Міндоўгу ў Наваградку. Яго пераможцамі сталі вядомыя беларускія скульптары Сяргей Бандарэнка і Павел Лук, якія павінны былі працягнуць сумесную працу над помнікам. Аднак сумесная праца над праектах не праводзілася. У выніку пераможцам быў абвешчаны Сяргей Бандарэнка.
Для працягу працы па ўсталёўцы помніка неабходна вырабіць працоўную мадэль помніка Міндоўгу і падаць яе на Рэспубліканскую мастацка-экспертную раду. Папярэдні кошт мадэлі 26 тысяч рублёў.
Па стане на 5 чэрвеня 2019 года на помнік было сабрана 4 285. 89 рублёў. Далучыцца да збору сродкаў можа любы ахвотны:
Аддзел культуры Наваградскага райвыканкама.
УНП 500031377 у ЦБП № 416 г. Наваградак ф-л № 413 ААТ «АСБ Беларусбанк» г. Ліда.
БІК AKBBBY21413.
BY72AKBB36425210006224200000
(з пазнакай «На выраб помніка Міндоўгу»)