У Оршы да 90-годдзя Уладзіміра Караткевіча з'явіцца мурал, прысвечаны класіку
Працы над пано на тарцы дома па вуліцы Жан-Поля Марата, 2, як заўважылі мясцовыя жыхары, пачаліся сёння. Аўтар выявы — аршанскі мастак Дзмітрый Талкачоў. У эскізе выкарыстаныя малюнкі Караткевіча і фрагменты яго рукапісаў, паведамляецца на старонцы Вандроўнага Фэста Уладзіміра Караткевіча ў фэйсбуку.


Мурал з'явіцца з ініцыятывы мецэната Андрэя Балабіна, які раней набыў родны дом Уладзіміра Караткевіча ў Оршы і плануе ператварыць яго ў музей і цэнтр культуры.
Сцяна жылога будынка па Марата, 2 выходзіць на вуліцу Караткевіча і знаходзіцца ўсяго за пару метраў ад дома, дзе нарадзіўся класік. Насупраць — радзільня. Тарэц шматпавярхоўкі выходзіць на адкрытую прастору і размяшчаецца на пагорку. Тэматычная выява задасць атмасферу ўсёй вуліцы і зробіць прыемнейшымі прагулкі жыхароў Оршы і гасцей горада да Дняпра.
Мурал плануюць скончыць 23 лістапада.
Вандроўны Фэст Караткевіча вітае з'яўленне першага Караткевічаўскага мурала і віншуе Оршу з гэтай падзеяй. Арганізатары фэсту спадзяюцца, што выявы, прысвечаныя любімаму пісьменніку і яго творам, з'явяцца і ў іншых гарадах Беларусі.
На жаль, у сувязі з масачным рэжымам на Аршчаншчыне і неспрыяльным прагнозам па распаўсюду каронавіруса ў краіне Вандроўны Фэст Караткевіча, запланаваны сёлета ў Оршы на канец лістапада, пераносіцца ў анлайн. Арганізатары абяцаюць трымаць у курсе падзей фэста.

Фота эксізу — Андрэй Балабін, фота малярных працаў — Паліна Сцепаненка.