У памяць пра Рамана Бандарэнку знялі фільм
Анастасія Мацкевіч зняла кароткаметражны мастацкі фільм «Менск 2020», прысвечаны памяці Рамана Бандарэнкі — пра падзеі на мінскай «Плошчы Пераменаў» 15 лістапада мінулага года, калі людзі выйшлі на акцыю пратэсту «Я выходжу».
Фільм зняты пры падтрымцы Беларускага фонду культурнай салідарнасці. Яго прэм'ера адбудзецца 12 студзеня ў 20:00 на каналах Фонду ў Facebook і Youtube.
Гэта гісторыя, героем якой мог бы стаць кожны беларус пасля жніўня 2020 года, гаворыцца ў анатацыі да фільма.
Раман Бандарэнка быў выкрадзены невядомымі на "Плошчы Пераменаў" увечары 11 лістапада, пасля чаго аказаўся ў Цэнтральным РУУС, адкуль у бальніцу быў дастаўлены ў цяжкім стане ў коме.
Медыкам не ўдалося яго выратаваць. Раман памёр 12 лістапада.
Праверку па факце яго смерці нібыта праводзіць Генпракуратура. Але крымінальная справа дагэтуль не заведзеная, дарэчы, як і па факце забойства Аляксандра Тарайкоўскага 10 жніўня, а таксама па іншых фактах смерцяў, звязаных з пратэстамі пасля выбараў, і шматлікіх фактах катаванняў і збіцця мірных пратэстоўцаў падчас затрыманняў і ў месцах зняволення.
Паводле belaruspartisan.by