У Пецярбургу адбылася сакрэтная прэзентацыя кнігі пра Pussy Riot
Удзельніца фемінісцкай панк-групы Pussy Riot Марыя Алёхіна прадставіла сваю першую кнігу ў Пецярбургу.
![5_40.jpg 5_40.jpg](/img/v1/images/5_40.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Прэзентацыя прайшла 22 ліпеня ў арт-прасторы «Інтымнае месца» на Шпалерной вуліцы, піша «Фантанка».
![988.jpg 988.jpg](/img/v1/images/988.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
На сустрэчу сабралася каля 15 чалавек: арганізатары палічылі за лепшае пакінуць падзею амаль без публічнай агалоскі, баючыся правакацый. Тыраж кніжкі Riot Days Алёхіна самастойна прывезла з друкарні ў Пецярбургу, дзе выпусціла яе самвыдатам.
![8_27.jpg 8_27.jpg](/img/v1/images/8_27.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
«Гэта мая першая кніжка. Гэта не мемуары, ня ўспаміны, а камбінацыя ўсяго, што я палічыла важным у гісторыі Pussy Riot», — адзначыла Алёхіна. Дзеянне пачынаецца ў студзені 2012 года, калі панк-гурт зладзіў акцыю на Краснай плошчы, і заканчваецца ў снежні 2013-га, калі аўтар выйшла з калоніі ў Ніжагародскай вобласці. Празаічныя фрагменты перамяжоўваюцца з тэкстамі песень, цытатамі з крымінальнай справы Pussy Riot, выразкамі з журналісцкіх тэкстаў, дзённікаў.
![7_26.jpg 7_26.jpg](/img/v1/images/7_26.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
«Лагічна гэтая кніжка не павінна была атрымацца», — дадала Алёхіна. Паводле яе слоў, першапачаткова заказ паступіў ад брытанскага выдавецтва Penguin Books. Меркавалася, што кніга будзе напісана ў суаўтарстве з другой салісткай Pussy Riot Надзеяй Талаконнікавай. Але ў выніку дзяўчыны сарвалі тэрмін, і кожная напісала сваю кнігу (кніга Талаконнікавай «Кіраўніцтва па рэвалюцыі» выйшла ў нямецкім выдавецтве Hanser ў 2016 годзе).
У Расіі Riot Days будзе распаўсюджвацца самвыдатам. Усе атрыманыя сродкі Марыя Алёхіна збіраецца выдаткаваць на падтрымку зняволенага ўкраінскага рэжысёра Алега Сянцова і яго сям'і. Увосень пераклад кнігі афіцыйна выйдзе ў Вялікабрытаніі, Амерыцы, Германіі і Францыі.