У Вільні прайшоў беларускі зімовы кірмаш — з гарачымі напоямі, каляднымі падарункамі і не толькі. Фота

Вільня святочна сустрэла першы дзень зімы — на сталічнай Катэдральнай плошчы ўрачыста запалілі агні галоўнай ялінкі краіны. На вуліцы горада выехаў калядны цягнічок, літоўскія Санты-Клаўсы запрэглі аленяў і пачалі збіраць падарункі да Раства, а цэнтр Вільні наскрозь прапах водарам глінтвэйну. Адзначыць пачатак святочнага месяца вырашылі і беларусы.

vokladka_30_logo.jpg

Каб падняць настрой у гэтыя надзвычай халодныя дні, яны 2 снежня зладзілі выдатны зімовы кірмаш «Hello, Winter» у Цэнтры беларускай супольнасці і культуры. Галоўныя мэты мерапрыемства — сустрэць снежань у кампаніі гарных людзей, падтрымаць адно аднаго і набыць калядныя падарункі для сваіх каханых і блізкіх.

На выставе былі прадстаўлены цацкі і паштоўкі, брошкі і завушніцы, паясы і цішоткі, беларускамоўныя кнігі і іншыя вырабы ручной работы ў тэматыцы Калядаў, Беларусі і Літвы. Акрамя таго, арганізатары прапанавалі гарачыя напоі і мандарынкі.

Свята суправаджалася жывымі выступамі беларускіх выканаўцаў і каляднай музыкай.