У Зэльве на кірмашы прадавалі коняў, як трыста год таму (фота, відэа)

Традыцыйны Ганненскі кірмаш прайшоў 27 жніўня ў Зэльве. Ён вядзе свой радавод ад XVIII стагоддзя: у свой час гэты кірмаш быў адным з найбуйнейшых у ВКЛ. Калі Сапегі атрымалі дазвол праводзіць у сваіх уладаннях штогадовы гандаль, які доўжыўся цэлы месяц, сюды пачалі сцягвацца купцы з Персіі, Даніі, Італіі, Швецыі і іншых краінаў. Асноўным таварам на той час былі коні.


Сёння Ганненскі кірмаш, адноўлены ў 2001-м годзе, вяртаецца да сваіх традыцыяў. Як і трыста год таму, акрамя выпечкі, кашуляў з рушнікамі ды рамесных вырабаў, тут можна набыць каня. Зрэшты, і ў відовішчах падчас кірмашу коні ды вазы рознага кшталту граюць не апошнюю ролю. Ці не самым арыгінальным возам сёлета быў мотаблок, сумешчаны з… аўтобусным прыпынкам, на якім уласнік катаў усіх жадаючых.
Цягам фэсту прайшоў таксама пленэр рэзчыкаў па дрэве, спаборніцтвы лесарубаў, рознага кшталту дэгустацыі. Дарэчы, драўляныя скульптуры па завяршэнні кірмаша стануць аздабленнем зэльвенскіх вуліц.



Паводле euroradio.fm