У Баранавічах ТБМ зладзіць фэст у гонар графа-заснавальніка гораду

Таварыства беларускай мовы Баранавічаў абвясціла аб правядзенні 23 жніўня фэсту ў гонар заснавальніка гораду графа Яна Развадоўскага.



szylda_razvadouski.jpg

Памятная шыльда ля былой сядзібы Развадоўскіх
Як распавёў Свабодзе старшыня Баранавіцкай рады ТБМ Віктар Сырыца, фэст прымеркаваны да 160-й гадавіны народзінаў Яна Развадоўскага.
Спадар Сырыца кажа, што Развадоўскі пэўным чынам ушаноўваецца і на афіцыйным узроўні, аднак ТБМ мае на мэце папулярызаваць імя графа шырэй:
«У нас і хлеб „Развадоўскі“ ёсць у Баранавічах, і вуліца яго імя, і памятны знак ёсць. Але менавіта ў гэтым годзе спаўняецца 160 гадоў з дня яго народзінаў. І гэта добрая нагода, каб яшчэ раз ушанаваць гэтае імя.
Ёсць і цэнтральная бібліятэка, і краязнаўчы музэй, шмат іншых структураў, якія павінны нешта зрабіць да 160-гадовага юбілею Яна Развадоўскага. Але пакуль нічога няма ў іх».
Віктар Сырыца накіраваў старшыні Баранавіцкага гарвыканкаму Юрыю Грамакоўскаму ліст з просьбай паўплываць на адпаведныя дзяржаўныя структуры, «каб да канца 2014 году годна ўшанаваць імя Яна Развадоўскага».
Фэст Таварыства беларускай мовы адбудзецца 23 жніўня а 12-й гадзіне ў вёсцы Русіна пад Баранавічамі на сядзібе ТБМ (вул. Сасновая, 5).
У праграме фэсту — гістарычная даведка пра заснавальніка Баранавічаў Яна Развадоўскага, канцэрт баранавіцкіх майстроў мастацтва, аладкі і каша Развадоўскага ад прадпрымальніка Міколы Чарнавуса ды іншыя імпрэзы.
svaboda.org