У конкурсе Басовішча перамаглі адразу два гурты — KilFil і iLi-iLi

Адразу два гурты перамаглі сёлета на конкурсе фестывалю «Басовішча». Яны атрымалі роўную колькасць балаў ад журы. Арганізатары прапануюць абодвум выступіць на фестывалі.



mtjf98jr7aaq7js5uwa420xgq76xyk_org.jpg

Штогадовы фестываль музыкі маладой Беларусі «Басовішча» традыцыйна праводзіць конкурс маладых гуртоў. У ранейшыя гады пераможцаў абіралі па выніках выступу гуртоў на самім фестывалі ў межах фіналу конкурснай праграмы. Сёлета ж было вырашана правесці ўвесь конкурс загадзя паводле запісаў. Журы ў складзе Вячаслаў Радзівонаў (Ultra Music), Юра Сідун (Generation.by), Зміцер Безкаравайны (Experty.by), Сяргей Будкін (Budzma.org), Павал Грэсь (Фонд Villa Sokrates), Матвей Сэвастыянік (БАС) абірала з 28 гуртоў.

Абодва сёлетніх пераможцы маюць у сваім складзе ўдзельнікаў з ўжо добравядомых у Беларусі гуртоў.

Гурт iLi-iLi пачаў сваю актыўнасць у 2011 годзе. У яго склад ўваходзяць два ўдзельнікі добравядомага праекту «Дзецідзяцей», які ў чэрвені 2010 прыпыніў сваю дзейнасць. Гурт працуе на рускай і беларускай мовах. Сайт гурта ili-ili.org.


 

Гурт KilFil быў заснаваны ў снежні 2012 году. На вакале ў ім Алесь Кот-Зайцаў, вядомы як лідар гурта «Босае Сонца». Гурт грае сумесь электроннай і жывой музыкі і працуе на рускай і беларускай мовах. Паслухаць іх творчасць можна на сайце kilfil.com.

Фестываль «Басовішча» адбудзецца 19-20 ліпеня. Поўная праграма фэсту з’явілася тыдзень таму.

Ягор Канапкін, generation.by