У Мінску выступіць гурт The Used (відэа)

Амерыканскі рок-гурт The Used ўпершыню выступіць у Беларусі. Канцэрт адбудзецца 8 чэрвеня ў мінскім клубе Re:Public, — паведамляе партал ultra-music.com.  

Музыкі гурта The Used сабраліся разам у 1997 годзе, а праз чатыры гады выпусцілі першы дэма-запіс. Неўзабаве група заключыла кантракт з Reprise Records і прыступіла да запісу дэбютнага альбома. У 2002 годзе выйшаў першы аднайменны альбом The Used, які трапіў у першую сотню Billboard 200. Другі альбом «In Love and Death» выйшаў у 2004 годзе. Ён выдаўся больш змрочным і рэалістычным, але, нягледзячы на гэта, атрымаў станоўчыя водгукі ад музычных крытыкаў і статус залатога.

У наступныя гады The Used выпусцілі яшчэ некалькі альбомаў. У пошуках уласнага гучання музыкі пераспрабавалі мноства жанраў: пачалі з металу, перайшлі да хард-року і балад са струннымі аранжыроўкамі. Самі музыкі называюць стыль, у якім іграюць, «грос-поп».

У Менск гурт прыедзе з новым альбомам «Imaginary Enemy», рэліз якога адбудзецца сёння. Прадзюсарам дыска стаў Джон Фельдман, які раней працаваў над трэцім і пятым альбомамі The Used. Квіткі на мінскі канцэрт неўзабаве трапяць у продаж.