У Нямеччыне паставілі спектакль пра "пякельнае жыццё" ў Мінску
Спектакль па п'есе беларускага драматурга і сцэнарыста Паўла Пражко "Тры дні ў пекле" пастаўлены ў Дзяржаўным драматычным тэатры ў Ольдэнбургу. Нямецкая прэм'ера пастаноўкі адбудзецца 16 красавіка. У стварэнні спектакля, акрамя рэжысёра Эліны Фінкель (Elina Finkel), удзельнічалі таксама харэограф і музыка, што, як паказваюць аўтары пастаноўкі, надае інсцэніроўцы п'есы пра тры звычайных дні з жыцця Мінска асаблівы эмацыйны напал.
"Глядач атрымлівае ўяўленне пра тое, якім напружаным можа быць там жыццё, — гаворыць Эліна Фінкель. — Шараговы жыхар горада настолькі заняты элементарным выжываннем, што на крытычнае асэнсаванне прапаганды ў яго не застаецца ні часу, ні сіл".
Рэжысёр сама правяла тры дні ў Мінску падчас працай над 80-хвілінным спектаклем. Прывезеныя з Мінска фатаграфіі і відэазапісы выкарыстоўваюцца ў спектаклі.
У чэрвені 2014 года Павел Пражко прадставіў сваю п'есу "Тры дні ў пекле" на міжнародным тэатральным фестывалі ''Новыя п'есы з Еўропы'', які праходзіў у Франкфурце-на-Майне і Вісбадэне.