У Полацку забаранілі канцэрт Вайцюшкевіча

Полацкія ўлады забаранілі канцэрт Зьмітра Вайцюшкевіча, які мусіў адбыцца ў полацкім Цэнтры рамёстваў і нацыянальных культур.



vajciushkievic2.jpg

Канцэрт быў узгоднены з начальнікам аддзелу ідэалягічнай працы райвыканкаму Віктарам Палушкіным. Аднак напярэдадні канцэрту ў райвыканкам патэлефанавалі зьверху і забаранілі канцэрт.
Намесьнік старшыні райвыканкаму Пётар Пяткевіч абвінаваціў у палітычнай недальнабачнасьці дырэктара Цэнтру рамёстваў і нацыянальных культур Валянціну Крук, якая не ўзгадніла зь ім правядзеньне канцэрту. Праваабарончы цэнтар «Вясна» паведамляе, што Пяткевіч запатрабаваў звольніць Валянціну Крук з працы.
Пётар Пяткевіч сказаў карэспандэнту Свабоды, што не забараняў канцэрту Вайцюшкевіча і параіў спытацца ў Цэнтра, бо, маўляў, «занадта вялікі рэгіён, каб ведаць пра ўсё». На пытаньне, як ён ставіцца да творчасьці Вайцюшкевіча і ці любіць яго песьні, чыноўнік адказаў так:
«Я проста мала знаёмы зь яго творчасьцю. Прабачце, я з былых гаспадарнікаў. Да пабачэньня».
Зьміцер Вайцюшкевіч распавёў карэспандэнту Свабоды, што ягоны выступ у Полацку не адбыўся. Атрымліваецца, што сьпісы забароненых выканаўцаў у Беларусі ўсё ж існуюць.

«У маім выпадку — яны існуюць, і пра мяне асабіста кажуць, што я — «адмарозак». Міхалок таксама. Я праз канцэртных дырэктараў неаднаразова зьвяртаўся, каб арганізаваць канцэрт. «Верхні град» 30 кастрычніка сказаў, што я «не фармат» для іх. Усе астатнія як чорт ладану мяне баяцца. Але я працую, мне няма часу канцэнтравацца на забаронах. Я лічу, што нічога не памянялася. Тое, што там дурні сядзяць у адміністрацыі прэзыдэнта, ці людзі, якія не разумеюць сытуацыю. Прыяжджаюць зоркі «памаранчавай рэвалюцыі» ў Беларусь, зьбіраюць «Мінск-арэну» — і гэта нармальна, а свае артысты, якія тут жывуць, нібы перашкаджаюць усім».


Вайцюшкевіч асьцерагаецца рэклямаваць свае будучыя канцэрты ў Беларусі, але ён кажа, што такі плянуецца канцэрт 27 лістапада. Прэм’ера новага альбому беларускага шансону адбудзецца ў Бэрліне 30 лістапада.
svaboda.org