Уладзімір Караткевіч — на экране

Да 80-годдзя беларускага пісьменніка мінскі Музей гісторыі беларускага кіно падрыхтаваў адмысловую праграму. Яна ўключае экранізацыі твораў, а таксама дакументальныя фільмы па яго сцэнарах. У стужках распавядаецца і пра перыпетыі працы Уладзіміра Караткевіча ў кіно.



dab49080d80c724aad5ebf158d63df41.jpg

Да 80-годдзя беларускага пісьменніка мінскі Музей гісторыі беларускага кіно падрыхтаваў адмысловую праграму. Яна ўключае экранізацыі твораў, а таксама дакументальныя фільмы па яго сцэнарах. У стужках распавядаецца і пра перыпетыі працы Уладзіміра Караткевіча ў кіно.
Рэтраспектыва распачалася паказам мастацкага фільма “Хрыстос прызямліўся ў Гародні. Гісторыя яго стварэння — адна з самых трагічных у савецкім кінематографе і ў жыцці кінасцэнарыста Караткевіча. Фільм перажыў 12 варыянтаў рэдакцый і больш за 20 гадоў праляжаў на цэнзурнай паліцы. Аўтар так і не пабачыў яго пры жыцці. Створаны ў 1968 годзе, ён выйшаў на экран толькі ў 1989-м — праз 5 гадоў пасля смерці пісьменніка.
Музей пакажа таксама мастацкія фільмы “Дзікае паляванне караля Стаха (6 лістапада) і “Чорны замак Альшанскі (13 лістапада), сцэнары да якіх напісаў У. Караткевіч. Ім будуць папярэднічаць дакументальныя стужкі, у якіх распавядаецца пра асаблівасці гэтых экранізацый. Яшчэ адзін фільм, “Маці ўрагану, быў створаны “Беларусьфільмам у 1990 годзе пры ўдзеле кінастудыі “Баррандаў (Чэхаславакія) і ВА “Саюзкінасервіс. Рэжысёр Юры Марухін зняў яго на матывах аднайменнай п’есы Караткевіча. Гэты твор пісьменніка, як зазначылі кінематаграфісты, стаў найбольш складаным для экраннага ўвасаблення. Дэманстрацыя фільма адбудзецца 20 лістапада.
Завершыцца праграма 27 лістапада паказам дакументальных і анімацыйных фільмаў. Дакументальная стужка “Сведкі вечнасці распавядае пра дрэвы-старажылы, якія захоўваюць гістарычную памяць народа. “Памяць каменя — пра адметныя помнікі архітэктуры, “Палескія Калядкі — пра народныя святкаванні ў беларускіх вёсках. Сцэнары да гэтых фільмаў напісаў Караткевіч. Анімацыйныя фільмы “Ладдзя роспачы і “Каму чорт дзетак калыша па творах аўтара стварылі рэжысёры Алег Белаусаў і Аляксандр Ленкін. У гэты кіназбор уключылі і кароткаметражны тэлефільм “Паром (паводле апавядання У. Караткевіча “Паром на бурнай рацэ). Ён — пра гісторыю неспадзяванага кахання на фоне падзей паўстання 1863 года пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Іншыя дакументальныя стужкі прысвечаны ўжо самому аўтару, яго жыццю і творчасці.
“Цікавы ён для кожнага па-свойму, — зазначыла навуковы супрацоўнік музея Ганна Лагвіненка. — У свой час і да гэтай пары пра Уладзіміра Караткевіча кажуць у “паўтонах, як і пра Васіля Быкава.
P.S. Дэманстрацыя фільмаў адбываецца ў Музеі беларускага кіно кожную суботу а 15-й гадзіне. Тэл. для даведак (017) 227-10-75 (вул. Свярдлова, 4).