«Унія на Палессі». У Берасці адкрылася выстава партрэтаў выдатных беларускіх грэка-каталіцкіх святароў
Адмыслова да 425-х угодкаў Берасьцейскай царкоўнай Уніі мастачка з Берасця Ганна Цімашук стварыла шэраг мастацкіх партрэтаў выдатных постацяў Грэка-Каталіцкай Царквы, якія аддана служылі і прапаведавалі на Заходнім Палессі ў міжваенны час і пазней працягвалі жыццё Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы ў эміграцыі.
З мастацкіх твораў Ганны Цімашук і карцін з кветкамі Таццяны Шаўчук у грэка-каталіцкай царкве святых братоў-апосталаў Пятра і Андрэя ў Берасьці падрыхтавана невялікая экспазіцыя «Унія на Палессі. Грэка-каталіцкія місіянеры, прапаведнікі і вызнаўцы веры ХХ ст.».
Яе складаюць дзевяць партрэтаў выдатных беларускіх грэка-каталіцкіх святароў, якія служылі справе Еднасці Царквы ў такім складаным і бурапенным XX стагоддзі, і цэнтральны твор «Унія на Палессі», на якім змешчаны выявы пяці знакавых асяродкаў Уніі з выявамі парафіяльных святыняў у Альбярціне, Бабровічах, Альпені, Таракані і Гарадной. Паміж партрэтамі святароў, некаторыя з якіх ствараліся мастачкай Ганнай Цімашук паводле невялікіх, і часам не вельмі выразных ды адзінкавых архіўных фотаздымкаў, на выставе змешчаны карціны з сціплымі ў сваёй прыгажосці кветкамі.
Гэтыя кветкі каля партрэтаў святароў — як просты і шчыры знак удзячнасці святарам, што служылі справе Уніі, неслі Божае Слова, а таксама асвету і дапамогу бедным у самыя далёкія закуткі Заходняга Палесся, а пазней і далёка ад Бацькаўшчыны.
Падчас нядаўняга візіту ў Славакію ў верасні 2021 году Папа Рымскі Францішак падчас візантыйскай Боскай Літургіі ў Прэшаве, звяртаючыся да 30 тысячаў сабраных пілігрымаў, заклікаў захоўваць памяць пра сціплых і простых людзей, якія перадавалі сваю веру, якія аддалі сваё жыццё з любові да Бога і бліжніх. «Яны — нашыя героі, — падкрэсліў Біскуп Рыму, — героі штодзённага жыцця, і іхняе жыццё змяняе гісторыю. Сведкі нараджаюць іншых сведкаў, таму што яны з'яўляюцца донарамі жыцця. Менавіта так распаўсюджваецца вера: не дзякуючы магутнасці свету, а дзякуючы мудрасці крыжа; не праз структуры, а праз сведчанні. І сёння Госпад, у красамоўнай крыжовай цішы, таксама пытаецца ў вас: «Хочаш быць Маім сведкам?»
І менавіта такімі сведкамі веры і прадаўжальнікамі жыцця неўміручай ідэі з'яднанай Царквы ў XX стагоддзі на Заходнім Палессі і ў жыцці беларускай дыяспары ў свеце былі беларускія святары, партрэты якіх прадстаўленыя на выставе да 425-х угодкаў Уніі ў парафіі святых братоў-апосталаў Пятра і Андрэя ў Берасці. Напэўна, сімвалічна і тое, што гэтыя душпастыры Еднасці служылі вернікам як візантыйскага, так і лацінскага абрадаў, паўсюль, куды іх пасылаў Госпад, як браты-апосталы Пятро і Андрэй — апекуны хрысціянскага Захаду і Усходу.
Вось імёны святароў, чые партрэты прадстаўленыя на выставе ў царкве ў Берасці:
— а. Баляслаў Пачопка, які служыў у Бабровічах і Целяханах, які ўвайшоў у гісторыю Беларусі як адзін з пачынальнікаў беларускага школьніцтва і рэлігійнага друку;
— а. Вячаслаў Аношка — місіянер і арганізатар грамадска-культурнага жыцця на Століншчыне ў Альпені, на Мярлінскіх хутарах і ў Далятычах;
— архімандрыт Леў Гарошка — царкоўны гісторык, выдавец і публіцыст, які да эміграцыі служыў у Гарадной, Стоўпцах, Збуражы і Баранавічах;
— духоўны вучань грэка-каталіцкага экзарха-мучаніка Леаніда Фёдарава а. Данат Навіцкі з Таракані, таемна высвечаны ў лагерных умовах на Салаўках біскупам Менска-Магілеўскім Баляславам Слосканам, які стаў вядомым дзеячам экуменічнага руху ў пасляваеннай Польшчы;
— кс. Пятро Татарыновіч, стваральнік і шматгадовы працаўнік Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, які ў міжваенны час шмат і палымяна прапаведаваў пра еднасць Царквы ў палескіх уніяцкіх парафіях;
— хрысціянскі пісьменнік і паэт а. Язэп Германовіч, вязень ГУЛАГа, які напісаў вершаваны твор «Унія на Палессі» пасля наведвання парафіі ў Альпені, калі туды прыязджаў грэка-каталіцкі біскуп Мікалай Чарнецкі;
— архімандрыт Фабіян Абрантовіч, нязломны вызнаўца веры, што загінуў у Бутырскай турме, які ў свой час працаваў у духоўнай семінарыі ў Пінску і спрычыніўся да адбудовы знішчанага вайной будынка семінарыі;
— экзарх Грэка-Каталіцкай Царквы Беларусі а. Антон Неманцэвіч, які ў міжваенны час удзельнічаў у святарскіх канферэнцыях у справе Уніі ў Пінску, выдаваў часопіс «Да Злучэньня» і быў звязаны з працай Усходняй місіі езуітаў у Альбярціне, стварыў Апостальства малітвы за Беларусь, абвяшчаў Божае Слова і мужна нёс падтрымку беларусам і ваеннапалонным у часы нацысцкай акупацыі ды загінуў у труме СД у Мінску;
— першы пасля 1839 года беларускі грэка-каталіцкі біскуп Чэслаў Сіповіч, які стаў пераемнікам місіі беларускіх святароў міжваеннага часу і працягнуў жыццё Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы аж да нашых часоў, жывучы ў вольным свеце.
У гэтыя восеньскія дні, калі на свята Дзядоў, беларусы прыходзяць на магілы сваіх продкаў і ўзгадваюць у малітвах свой род, беларускім грэка-католікам варта асабліва ўзгадаць кожнага з гэтых адданых, мужных і адначасова сціплых святароў — сапраўдных слугаў Хрыстовых, якія часам дзяліліся з найбяднейшымі вернікамі тым апошнім, што мелі самыя. Многія з іх зазналі пераслед як за польскім, так і савецкім часам і ў часы нацысцкай акупацыі, а некаторыя з іх прайшлі праз лагеры ці загінулі ў турмах або далёка на выганні ад Бацькаўшчыны. Хай жа ім будзе вечная памяць і нашая ўдзячнасць!
carkva-gazeta.by