Унікальную кнігу пра фальклор выдадуць у Беларусі
У час глабалізацыі і сацыяльнага дыстанцыравання чалавецтва перажывае востры дэфіцыт цёплых стасункаў, душэўных рэсурсаў. А народная культура валодае іх невычарпальным запасам. Праблема ў тым, што самыя сапраўдныя рэчы нельга вывучыць з кніг.
![vyhavanne_spevaka___karcinka_fejsbuk.png vyhavanne_spevaka___karcinka_fejsbuk.png](/img/v1/images/vyhavanne_spevaka___karcinka_fejsbuk.png?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Але «Выхаванне спевака» — кніга ўнікальная. Напісаная захавальніцай жывога фальклору, выдатным этнапедагогам і рэжысёркай, кіраўніцай ўзорнага калектыва «Калыханка» з Міханавічаў, чароўнай казачніцай Ларысай Рыжковай, яна нясе ў сабе шмат каштоўнай інфармацыі.
Спадарыня Ларыса добра вядомая пакаленню дзяцей 90-х гадоў як абаяльная казачніца з перадачы «Калыханка» на БТ. У сваёй кнізе яна дзеліцца багатым, больш за 30-гадовым досведам працы, паказвае, якім чынам можна далучыць дзяцей да народных слухавых спеваў, раскрывае пытанні сваёй методыкі. Праз гульні, казкі, народныя забавы і святы яе навучэнцы прыходзяць да разумення песенных вобразаў, абрадаў, побыту, узаемаадносінаў продкаў. Адначасова проста і незаўважна раскрываюцца дзіцячыя галасы і здымаюца напружанні.
![vyhavanne_spevaka_3_.jpg vyhavanne_spevaka_3_.jpg](/img/v1/images/vyhavanne_spevaka_3_.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Падтрымаць выданне і замовіць кнігу можна тут.
Кніга будзе цікавая не толькі кіраўнікам дзіцячых фальклорных калектываў, супрацоўнікам устаноў культуры і адукацыі, а таксама ўсім, хто выхоўвае сваіх дзетак па-беларуску, цікавіцца народнымі спевамі і традыцыйнай культурай.
Аб'ём кнігі 88 старонак, мультымедыйны дадатак: 14 відэа з гульнямі і каментарамі педагога Ларысы Рыжковай + 2 архіўныя запісы тэлеперадачы «Калыханка».
![vyhavanne_spevaka_2.jpg vyhavanne_spevaka_2.jpg](/img/v1/images/vyhavanne_spevaka_2.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Кніга аздоблена прыгожымі каляровымі ілюстрацыямі, архіўнымі матэрыяламі, фотаздымкамі Анатоля Клешчука і выцінанкамі Наталлі Сухой.