Усяго тыдзень! Выстава «Святы вечор» (фота, відэа)
У мінскай галерэі «Арцель» да 30 снежня праходзіць выстава «Святы вечор» выцінанкі Наталлі Сухой і зробленнага на яе аснове фотапраекта Міхася і Кацярыны Аракчэевых. На адкрыцці выставы быў прэзентаваны кліп на песню пост-фольк гурта Astroǔna. Прапануем яго паглядзець.
Як паведамляюць арганізатары, праект «Святы вечор» — гэта мастацкае асэнсаванне зімовых святаў Раства і Калядаў, з іх яскравымі вобразамі і сюжэтамі. Студыя Piligrym разам з мастачкай Наталляй Сухой візуалізавалі сваё натхненне праз сінтэз выцінанкі, фатаграфіі і відэа-арта. Студыя Piligrym спрабуе «ажывіць» выцінанку ў трохмернай прасторы, перанесці з плоскасці ў аб’ём, са статычнага малюнка — у відэасюжэт. Ажурныя геаметрызаваныя выявы пераходзяць з аркуша на постаці і твары, працягваючы маляваць мастацкай мовай выцінанкі ілюстрацыі для старажытных гісторый. Праект пачынаўся як відэакліп да народнай каляднай песні «Святы вечор» і працягнуты ў серыі фотапартрэтаў, дзе выцінанка выступае як яшчэ адна асоба. Яркія знакавыя вобразы твораў Наталлі Сухой напоўнілі фотаздымкі чароўным сімвалізмам, уласцівым мастацтву выцінанкі.
На выставе — «жывыя» работы майстрыцы Наталлі Сухой і вынік працы з імі фатографаў Piligrymstudio. Для праекта здымаліся Алеся Таболіч і Наста Духоўнікава. Адкрыццё выставы прайшло 24 снежня, акурат у калядны вечар. На імпрэзе выступіў гурт Студэнцкага этнаграфічнага таварыства з праграмай «Песні зімы» і капэла «Колісьнія», што зайграла танцы.
На адкрыцці выставы быў прэзентаваны кліп пост-фольк гурта Astroǔna на песню «Святы вечор». Калядку, запісаную ў вёсцы Букча Лельчыцкага раёна ад Ганны Дзянісаўны Шкудун, спяваюць Кацярына Аракчэева, Наталля Сухая і Ганна Сілівончык. Ім акампануе на скрыпцы ў народнай манеры Дзяніс Сухі. У кліпе можна пабачыць яскравыя вобразы Калядаў і Раства, калі па вёсках і мястэчках ходзяць каляднікі з велічальнымі песнямі гаспадарам. Падзеі ў такіх песнях адбываюцца ў міфалагічнай прасторы, дзе гаспадар можа сядзець пры стале з Госпадам Богам, яго дачка — упрыгожвацца, як каралеўна, а сын — едзе на паляванне, на вайну, па нявесту.
Фота Алены Ляшкевіч і Уладзіміра Анджэліча