Вайцюшкевіч запрашае развітацца з летам пад песні Някляева
26 жніўня на хутары «Шаблі» пройдзе канцэрт беларускага спевака Змітра Вайцюшкевіча.Арганізатары запрашаюць «правесці апошнія выходныя лета ў кампаніі з рамантычным Змітром Вайцюшкевічам».
Пачатак мерапрыемства а 21-ай гадзіне. Прыехаць можна раней, а з'ехаць — у нядзелю ўдзень.
У праграме: адпачынак на прыродзе, танцы, спевы ля вогнішча, рыбалка, экскурсія па навакольных мястэчках.
Як сказаў Зміцер Вайцюшкевіч, для ўік-энду ў «Шаблях» ён падрыхтаваў адмысловую музычную праграму:
«Будзе канцэрт, які так і называецца — «Развітанне з летам». А таксама будуць новыя песні з альбому, над якім я цяпер працую, — на вершы Ўладзіміра Някляева».
Як адзначыў музыка, ні ён, ні арганізатары не чакаюць занадта вялікай колькасці гасцей, і таму ёсць падставы меркаваць, што ня будзе і вялікай колькасці супрацоўнікаў міліцыі, як тое здаралася на некаторых сёлетніх фестывалях:
«З выступоўцаў буду я адзін, прысутных будзе да ста чалавек. Думаю, што будзе назіраць за ўсім участковы міліцыянт, усё ж адзін Зміцер Вайцюшкевіч ніякай небяспекі не нясе».
Паводле svaboda.org