Вандроўкі па Беларусі на запалкавых этыкетках

Гарады Беларусі ў савецкай філуменіі з’явіліся пасля Другой сусветнай вайны. Найбольш актыўна рэкламаваліся на запалкавых этыкетках Мінск, Пінск, Брэст, Віцебск, Барысаў, Гомель. 



Часцей за ўсё паказвалі патрыятызм беларусаў у гады Другой сусветнай вайны. І, гледзячы на такія запалкі, здавалася, што гісторыя Беларусі пачыналася толькі з 1941 года. Па-за ўвагай філуменіі заставаліся старажытныя гарады Полацк, Навагрудак, Нясвіж, Заслаўе, Мір, Слонім, Гродна. У асноўным запалкі афармляліся на рускай мове, вельмі рэдка па-беларуску.

Пасля 1991 года, калі Беларусь атрымала незалежнасць,  беларускія гарады на запалкавых этыкетках сталі з’яўляцца часцей. А ў 2014 годзе ААТ «Барысаўдрэў» распачало выпуск этыкетак з каляровымі гербамі гарадоў і мястэчак Беларусі. Выйшла ўжо больш за 100 этыкетак, і ўсе на рускай мове.

Пінская вандроўка

Да 40-годдзя Беларускай ССР (1959 год) Пінскі камбінат парадаваў філуменістаў наборам запалак з 23 рознымі этыкеткамі. На гродзенскай этыкетцы, напрыклад, быў адлюстраваны мост праз Нёман, на гомельскай — яго Цэнтральная плошча. Была там і этыкетка з помнікам Янкі Купалы ў Мінску.

У 1960 годзе ў Пінску выпусцілі запалкі з 6 рознымі этыкеткамі, прысвечанымі Мінску, на якіх былі выяўлены Дзяржаўны тэатр оперы і балета, Палац культуры прафсаюзаў, Дзяржаўны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы, помнік Перамогі, мастацкі музей і Палац спорту.

garadi_belarusi_filumenija_11d0104_logo.jpg

Да свайго 70-годдзя ў 1968 годзе Пінскі фанерна-запалкавы камбінат выпусціў юбілейны набор запалак з 9 этыкетак: будынак прадпрыемства ў Пінску, набярэжная ракі Піна, помнік загінуўшым воінам, Брэсцкая вуліца, рачны вакзал, Піянерская вуліца, гідрамеліяратыўны тэхнікум, клуб 40-годдзя Кастрычніка і новыя будынкі Пінска.

У 1973 годзе быў выпушчаны набор, прысвечаны Пінску. У наборы знаходзілася 6 карабкоў, на этыкетках якіх можна было ўбачыць рачны вакзал, набярэжную Піны, клуб імя 40-годдзя Кастрычніка, будынак гідрамеліяратыўнага тэхнікума, помнік загінуўшым воінам і Брэсцкую вуліцу.

У 2001 годзе «Пінскдрэў» выпусціў 18 карабкоў, прысвечаных Пінску. Гэта ўжо не былі толькі помнікі і героі вайны, а ўся архітэктурная прыгажосць горада і яго куткі: палац Бутрымовіча, плошча імя Кірава, дзіцячы парк, вуліца Леніна, гарадскі пляж, прыватная забудова, дзіцячая школа выяўленчага мастацтва, аўтобусны парк, Свята-Фёдараўскі сабор, чыгуначны вакзал, гарвыканкам, драмтэатр, Палескі ўніверсітэт, помнік археалогіі «Гарадзішча», музей беларускага Палесся, аўтавакзал, рачны вакзал.

garadi_belarusi_filumenija_11d0101_logo.jpg

Барысаўская ды іншыя вандроўкі

А ў 1962 годзе Барысаўскі фанерна-запалкавы камбінат выпусціў серыю этыкетак «Вышэйшыя навучальныя ўстановы Мінска». На этыкетках былі намаляваны галоўныя карпусы політэхнічнага інстытута, інстытута народнай гаспадаркі, інстытута фізічнай культуры, БДУ, тэхналагічнага інстытута, тэатральна-мастацкага інстытута, інстытута механізацыі сельскай гаспадаркі, педагагічнага інстытута і інстытута замежных моваў.

У 1978 годзе з’явіўся вялікі (28 штук) набор, прысвечаны Беларусі. Цудоўны сувенірны набор запалак быў добрым падарункам не толькі для гасцей з іншых краін, але і саміх беларусаў. На запалках былі адлюстраваны помнікі і гістарычныя мясціны з розных гарадоў Беларусі. Гэта — галоўны манумент Брэсцкай крэпасці, замак Радзівілаў у Нясвіжы, Белая вежа ў Камянцы, Палац піянераў у Гомелі, нафтапераапрацоўчы камбінат у Наваполацку, калійны камбінат у Салігорску, помнік Веры Харужай у Пінску, помнік экіпажу Паўла Рака ў Барысаве і іншыя.

garadi_belarusi_filumenija_21288515_logo.jpg

Серыю простых этыкетак «Гарады Беларусі» ў 1960 годзе выпусцілі ўсе запалкавыя фабрыкі Беларусі. Гэта 9 карабкоў з рознымі этыкеткамі: палац піянераў у Гомелі, праспект Рэвалюцыі ў Барысаве, гасцініца ў Бабруйску, Дом Саюзаў у Гродне, будынак Дома чыгуначнікаў у Брэсце, вакзал у Гомелі, шырокафарматны кінатэатр у Магілёве, абласны драмтэатр у Віцебску і Дом культуры ў Слуцку.

garadi_belarusi_filumenija_76r69_219d_1_logo.jpg

Арыгінальную серыю этыкетак у 1966 годзе выпусціў Барысаўскі фанерна-запалкавы камбінат, серыя называлася «Прамень-Мінск». На этыкетках рэкламаваўся Мінскі гадзіннікавы завод «Прамень»: на кожнай этыкетцы былі адлюстраваны гадзіннікі, а пад імі — прыгожыя будынкі Мінска: Палац спорту, Прывакзальная плошча, будынак гадзіннікавага завода, кінатэатр «Піянер», клуб камвольнага камбіната, планетарый, радыётэхнічны інстытут, шматпавярховыя дамы Мінска.

garadi_belarusi_filumenija_48586_logo.jpg

У 1968 годзе падобны варыянт этыкетак на запалках ажыццявіў Гомельскі фанерна-запалкавы камбінат. Да 20-годдзя вызвалення Мінска ад гітлераўскіх захопнікаў камбінат у Гомель парупіўся выдаць серыю запалак пад назвай «3 ліпеня — Дзень вызвалення Мінска ад фашысцкіх захопнікаў». Яна складалася з этыкетак, на якіх былі помнік-танк у Мінску, набярэжная ракі Свіслач, плошча Перамогі, акадэмія навук БССР, Прывакзальная плошча і тэлецэнтр.

У 1982 годзе аб’яднанне «Гомельдрэў» выпусціла запалкавы сувенірны набор з 28 карабкоў «Гомельскі дрэваапрацоўчы камбінат». На этыкетках былі адлюстраваны працоўныя, спартыўныя і культурныя будні прадпрыемства.

Ад Турынска да Рыбінска

Вельмі шмат запалак, прысвечаных беларускім гарадам, у 1950-х — 1980-х гадах выпускалі запалкавыя фабрыкі Расіі. Запалкавы камбінат «Гігант» з Калугі ў 1960 годзе выпусціў 9 карабкоў з чорна-белымі этыкеткамі, прысвечаныя Мінску. На іх паказаны Мінск канца 1950-х гадоў. Падобны набор запалак выпусціла і запалкавая фабрыка «1 мая» з Уфы.

У 1982 годзе Турынская запалкавая фабрыка (Расія) выпусціла серыю запалак з простымі этыкеткамі «60 гадоў СССР», дзе была надрукавана і этыкетка на запалках Дома ўраду Беларусі.

garadi_belarusi_filumenija_08a0607_logo.jpg

Барнаульская фабрыка (Расія) у 1964 годзе выпусціла серыю запалак «Сталіцы рэспублік СССР». Сярод іх былі запалкі з Прывакзальнай плошчай у Мінску.

Фабрыка з Барнаула ў 1966 годзе пазнаёміла ўсіх, хто карыстаўся запалкамі, з серыяй этыкетак «Гарады-героі». Тры этыкеткі былі прысвечаны Брэсту і яе крэпасці.

«Помнікі Вялікай Айчыннай вайны» — так называлася серыя запалак, якую выпусцілі ў 1975 годзе на запалкавай фабрыцы «Маяк» у Рыбінску (Расія). Былі там і тры этыкеткі, прысвечаныя Беларусі: курган Славы, помнік партызанам Гродзеншчыны (вёска Дзяляцічы) і помнік Канстанціну Заслонаву ў Оршы. 

Расійская фабрыка «Сібір» у 1965 годзе ў вялікай серыі запалкавых этыкетках «Вялікая Айчынная вайна 1941–1945 гг.» выпусціла этыкетку з помнікам Марату Казею ў Мінску.

spich_etiketki_53_logo.jpg

У 1980 годзе Балабанаўская эксперыментальная фабрыка для жыхароў Гомеля робіць цікавы філуменістычны падарунак — выпускае прыгожы сувенірны набор запалак з 28 розных этыкетак «50 гадоў заводу «Гомсельмаш». Набор паказаў увесь гістарычны шлях гомельскага прадпрыемства ў малюнках і тэкстах на запалках.

У 1985 годзе тая ж Балабанаўская эксперыментальная запалкавая фабрыка ўжо сумесна з аб’яднаннем «Барысаўдрэў» выпусціла новы набор з 28 карабкоў, прысвечаны подзвігу беларускага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Увесь запалкавы набор адлюстроўвае подзвіг беларусаў у апошняй вайне, які паказаны ў помніках і мемарыяльных комплексах, што знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі.

Сумесны праект Балабанаўскай эксперыментальнай фабрыкі ў 1985 годзе з беларускімі аб’яднаннямі «Пінскдрэў», «Барысаўдрэў» «Гомельдрэў» працягвае і ажыццяўляе выпуск яшчэ аднаго сувенірнага набору з 28 карабкамі «Мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой».

* * *

У 2001 годзе ў Мінску з’явілася вытворчае аб’яднанне «Каралева Агню», якое актыўна пачало займацца вытворчасцю рэкламна-сувенірных запалак у пашыраным асартыменце. «Каралева Агню» выпусціла вельмі шмат прыгожых і розных па памерах запалак з каляровымі этыкеткамі беларускіх гарадоў. Многія запалкі з выявамі гарадоў аб’яднанне выдае са спецыяльнымі магніцікамі. Праўда, у асноўным уся іх сувенірная запалкавая прадукцыя выпускаецца на рускай мове.

Выявы запалкавых этыкетак з уласнай калекцыі аўтара