Вікінгі, Цмок і Рэйтан запрашаюць: куды паехаць 19-20 жніўня?
У перадапошнія выходныя лета праходзіць некалькі цікавых фэстаў: «Шлях вікінгаў» у маёнтку «Сула» пад Дзяржынскам, «У госці да лепельскага цмока» на Віцебшчыне і «ДАХ-32 «Рэйтан» у в. Грушаўка пад Ляхавічамі.

19-20 жніўня, «Шлях вікінгаў», маёнтак «Сула», Дзяржынскі раён
Фэст прысвечаны эпосе Ранняга Сярэднявечча, кульмінацыяй яго стане рэканструкцыя бітвы на Нямізе, падчас якой спаляць адмыслова пабудаванае для мерапрыемства гарадзішча.

Праграма 19 жніўня:
12:00 – Урачыстае адкрыццё фестывалю.
Пляцоўкі «Карчма», «Лагер вікінгаў», «Рамесны кірмаш» і зоны інтэрактыўнасці працуюць на працягу ўсяго фестывалю, з 11:00 да 20:00.

Пляцоўка «Баявое Кола»:
13:00 – 14:00 спаборніцтвы 1 на 1 і 5 на 5.
14:00 – 15:00 Групавыя бойкі: бітва на мосце, захоп шчыта, ахова ярла і інш.
16:00 – 17:00 Тэатралізаваная рэканструкцыя захопу паселішча, дракар.
17:00 – 18:00 масавыя бітвы.
Пляцоўка «Турнір лучнікаў»:
00:00 – 14:00 адборачныя туры
15:00 – 16:00 фінал, паказальны выступ

Канцэртная пляцоўка:
12:00 - 18.00 майстар-класы, выступы музыкаў, танцораў.
18.00 – 23:00 канцэртная праграма
20 жніўня:
Пляцоўкі «Карчма», «Лагер вікінгаў», «Рамесны кірмаш» і зоны інтэрактыўнасці працуюць на працягу ўсяго фестывалю, з 11:00 да 15:00

Пляцоўка «Баявое Кола»:
11:00 – 14:00 групавыя бойкі.

14:00 – 15:00 канцэртная праграма
Два фэсты ў Грушаўцы за адны выходныя
На радзіме Тадэвуша Рэйтана, постаць якога апошнія гады актыўна папулярызуе арт-суполка яго імя, адбудзецца адразу 2 мерапрыемствы. 19 жніўня ў в. Грушаўка пройдзе раённае фальклорнае свята “З крынiц спрадвечных”, прысвечанае Яблычнаму Спасу. У праграме – выступы творчых калектываў, гарманістаў, адкрыты пленэр выяўленчага мастацтва прадстаўнікоў Брэсцкага універсітэта. Гасцей таксама чакаюць майстар-клас па традыцыйных танцах, кірмаш гумару, выставы-продажы вырабаў народных майстроў і прэзентацыя страў беларускай кухні.

20 жніўня пройдзе фестываль сучаснага мастацтва ДАХ-32 «РЭЙТАН».
Да афіцыйнага адкрыцця, а 9.00, адбудзецца «арніталагічная экскурсія» кандыдата біялагічных навук Дзяніса Лундышава па сядзібным парку. Затым – лекцыя Змітра Юркевіча «Знакамітыя сваякі Тадэвуша Рэйтана – Тадэвуш Касцюшка, Ігнат Дамейка, Эдвард Вайніловіч, Якуб Наркевіч-Ёдка, Геранім Друцкій-Любецкій і іншыя». Потым баранавіцкае аддзяленне курсаў «Мова Нанова» правядзе занятак. У канцэрце возьмуць удзел пост-фольк гурт «Астроўна» (Мінск), Тодар Кашкурэвіч (Ракаў) з лірніцкімі спевамі, Юлія Бажок (Мінск) – з фальклорнымі. Выступяць паэтка Таццяна Яцук (таварыства «Ліра», Баранавічы), Аляксей Жбанаў (праект «Спевы філаматаў»), Таццяна Грыневіч (бардаўскія спевы), Раман Яраш (журба-блюз), Віктар Сямашка і Кумпанія («Фантастычныя плыўцы», эксперыментальны джаз), Яўген Рагозін і Ілля Сін (музычна-літаратурны праект).
Гурт «Re1ikt» (Мінск) прыедзе з акустрычнай праграмай. Суполка гістарычнай рэканструкцыі «Полацкі звяз» прадэманструе рыцарскія забаўкі. У пярэрвах канцэртнай праграмы з 15 00 да 15 20 і з 17 00 да 17.20 – спец-праграма ад Міністэрства надзвычайных станаў (Ляхавічы): наглядна-адукацыйная праца з паказам ратавальнага абсталявання, сродкаў індывідуальнай аховы чалавека, віктарына , а таксама паказ «Воднай феерыі».
Паралельна канцэртнай праграме будуць працаваць выставы Алеся Родзіна і Змітра Юркевіча «Род Рэйтанаў. Асобы, падзеі», рэтраспектыва твораў Уладзіміра Крукоўскага да 80-годдзя творцы з калекцыі сядзібы-музея «Пружанскі палацык», выстава гістарычных твораў Змітра Шапавалава, майстэрня смаку «Зёлка-пчолка» Юліі Літвінавай і Змітра Мурашкі (аграcядзіба «Dajnaūski Dvor»). Пройдуць майстар-класы па лінагравюры (Зміцер Шапавалаў і Ілля Андрэеў), фехтаванні XVI – XVIII стст. (Зміцер Шапавалаў і Мікіта Сухамлінаў). На гульнёвай пляцоўцы можна будзе пазабавіцца настолкай «Палескія археолагі» (вядучая – Юлія Бажок). Спецыяльныя госці фестывалю – суполка «Абуджэнне» (Яўген Шунейка і Андрэй Лычкоўскі, Мінск – Узда): «жывая выстава», пленэр, партрэты на памяць.
Ахвочыя прыехаць на 2 дні могуць застацца з намётам на ноч.
«У госці да лепельскага цмока», Лепель, 20 жніўня, 11:00
Цмок дзякуючы супрацы мясцовых краязнаўцаў з кампаніяй «Будзьма беларусамі» стаў пазнавальным брэндам Лепельшчыны. Ды такім папулярным, што, як пісаў Джані Радары, яго нават крадуць: з брамы аграсядзібы Васіля Шкіндзера ў в. Вялікі Поўсвіж за некалькі км ад Лепеля неяк знікла таблічка «Тут жыве Цмок». Як падкрэсліваюць мясцовыя краязнаўцы, Цмок Лепельскі пішацца з вялікай літары, бо Лепельскі – ужо амаль прозвішча, так шмат пра яго вядома. Бадай, самая «раскручаная» – легенда пра тое, што ў Цмока маладыя прасілі блаславення на шчаслівае сямейнае жыццё. А хто не прасіў, у таго жыццё і не складалася. Апавядаюць пра перакананую камуністку і атэістку, якая “ісці да Цмока” падчас свайго вяселля адмовілася катэгарычна. І вось падчас рэпрэсій забралі яе мужа, памерлі ад хвароб сыны... Тады жанчына зрабілася галоўнай “прапагандысткай” Цмока, а яе унук, краязнаўца Уладзімір Шушкевіч, быў адным з актывістаў усталявання помніка Цмоку ў Лепелі. Выявы цмокаў сустракаюцца на старых ліштвах і двярных клямках хат Лепельскага раёна.

Ёсць і скептычныя меркаванні пра Цмока ў якасці брэнда. Доктар філалагічных навук і ўраджэнка в. Суша Лепельскага раёна Таццяна Валодзіна:

«Я ў прынцыпе
падтрымліваю любую ініцыятыву папулярызацыі традыцыйнай культуры. Але гэты вобраз
у фальклоры рэгіёну сустракаецца толькі ў баладзе пра Юр’ і Паганага Цмока. У
аповедах лепельчукоў згадваецца «вогненны Змей», які носіць багацце гаспадару,
украўшы яго ў каго-небудзь з суседзяў. Таму я не лічу правільным у якасці
брэнду выбіраць героя, які хоць у архетыпе і мае станоўчыя рысы, але ў
актуальным зрэзе традыцыі – не той персанаж, які павінны быць гонарам раёна.
Тым больш у лепельскім фальклоры дастаткова персанажаў, якія гэтага б
заслугоўвалі: жніўныя сімвалы багацця, плоднасці Спарыш і Рай, вобразы якіх
распаўсюджаныя ў Паўночнай Беларусі з эпіцэнтрам акурат на Лепельшчыне. А рысы
Цмока, якія цяпер актыўна «раскручваюцца»,– прынесены з усходніх міфалогій. У
нас таксама гэта ёсць, Цмок як мудры Сусветны Змей, што трымае на сабе Зямлю, але
дужа ў глыбокім архетыпе. Пасля працяглага суіснавання з хрысціянствам вобраз
Цмока набыў адмоўныя характарыстыкі».

Прыязджайце, каб скласці ўласнае меркаванне!
Праграма фестывалю:
11:00-11:20 Арганізатарам ёсць што сказаць!
11:20-12:00 Прэзентацыі ўдзельнікаў фестывалю.
12:00-13:00 Маладзёвы этна-праект «Патрыцыя- Гарэза» і іншыя юныя дараванні.
13:00-13:30 Фольк-этна гурт «Малала».
13:30-14:00 Фальклёрны гурт «Варган» (г. Полацк)
14:00-14:40 Музычны гурт «Лепшы квас». Сучасная музыка ў стылі поп-панк-рок .
14:40-15:20 Поп-рок гурт «Тутэйшыя».
15:20-16:00 Дуэт «Агата» – новая музыка ў спалучэнні беларускага фальклёру, еўрапейскага этна-джаза і лаціна-амерыканскага танга.
16:00-16:40 Гурт «Нarmonic Style Project»
16:40-17:40 Аўтарскія песні на словы беларускіх паэтаў. Спявае Зміцер Вайцюшкевіч.
17:40-18:30 Традыцыйны ўдзельнік фестывалю. Фольк-рок гурт «Рокаш».
18:30-19:00 Далучаемся да «Спеўнага сходу» з Сержуком Доўгушавым .
19:00-20:30 Легенда беларускага фольку Алег Хаменка і гурт «Палац».
20:30-22:00 Вітаем гасцей з Украіны. Гурт «TaRuta»
Таксама акрамя асноўнай праграмы на фестывалі будуць дзейнічаць інтэрактыўныя тэматычныя зоны:
— дзіцячы пагорак (казкі, гульні, спектаклі, забаўлянкі ад казачніцы Ларысы Рыжковай і гурта «Калыханка»),
— танцавальная лагчына (майстар-класы па музыцы, спевах, танцах і не толькі),
— прэзентацыя кнігі «Кулінарная спадчына Лепельшчыны» (15.00),
— даліна майстраў,
— кулінарны востраў,
— турыстычная узбярэжжа.
— шоу паветраных змеяў.