Віктар Марціновіч падпісаў чытачам «Возера Радасці»
Каля дзьвюх соцен беларусаў сабраліся ў кнігарні «Акадэмкніга» на маўклівую аўтограф-сесію з пісьменнікам Віктарам Марціновічам. Набыць кнігу як на мове арыгіналу, так і на беларускай мове можна ў кнігарні.
Аўтар падкрэсліў, што гэта так названая «маўклівая сустрэча». Адказваць на пытанні ён будзе ўжо пасля таго, як кніга будзе прачытаная.
«Не трэба думаць, што кніга дэпрэсіўная. Кніга насамрэч светлая, не забывайцеся пра гэта, калі будзеце чытаць», — папярэдзіў Віктар. Сустрэча пісьменніка з чытачамі запланавана на 27 верасня.
«Возера Радасці» — пятая кніга Марціновіча і, паводле прызнання аўтара, «самы шчыры і самы дарослы раман з напісаных дагэтуль», а таксама «спроба прыбраць фільтры, якія існуюць паміж сэрцам і мастацкім тэкстам». Пераклад на беларускую мову здзейсніў літаратар Віталь Рыжкоў. Пераклад і выданне сталі магчымымі дзякуючы падтрымцы кампаніі «Будзьма беларусамі».
Як паведамляе анатацыя, «гэты раман — road movie, маршрут якога пралягае праз Мінск, Тарасава, Вільню і нават Месяц. Летапіс пакалення, што згубілася ў складцы паміж ліквідацыяй ВЛКСМ і яго ўрачыстым адраджэннем. Кніга пра непазбежнасць сталення, а таксама пра тое, якія нечалавечыя намаганні трэба прыкласці, каб застацца».