Вядомая спартоўка Аліна Талай знялася ў кліпе гурта «AMAROKA» (прэм’ера кліпа)
У апошнія пераднавагоднія дні гурт «AMAROKA» дорыць усім сваім прыхільнікам і аматарам беларускай музыкі святочны кліп на песню «Разрываеш» з апошняга альбома «Pastka».

«Разрываеш» — пяты афіцыйны кліп гурта, які пры падтрымцы
«Арт Сядзібы» зняў кліпмэйкерАляксандр Крупіна, стваральнік студыі«КапканFilm».
У галоўнай ролі зняліся вядомая беларуская спартоўка, прызёр Чэмпіянатаў свету і Еўропы па лёгкай атлетыцы Аліна Талай, а таксама сабачка Моніка, навагоднія жаданні якіх і выконваюць у кліпе ўдзельнікі гурта «AMAROKA».
Гэта ўжо другі кліп зняты на песню з апошняга альбома. У кастрычніку гурт прэзентаваў відэапрацу на песню «Губляю каханне».

Аліна Талай распавяла пра свае ўражанні ад удзелу ў здымках:
«Мне было вельмі цікава паспрабаваць сябе ў новай ролі ды проста атрымаць асалоду ад працэсу. Дзякуй хлопцам за прапанову! Здымалі ўсё на адным дыханні, таму і кліп атрымаўся вясёлым і пазітыўным, абсалютна з навагоднім настроем».
Ідэя зняць вясёлы і трошкі камічны кліп з’явілася некалькі тыдняў назад у саліста гурта Змітра Афанасенкі і басіста Міхаіла Шэстака.

Зміцер Афанасенка кажа:
«Падумалі, што новы кліп будзе добрым падарункам нашым слухачам на навагоднія святы. Я сабраў ідэі і абагульніў іх у сцэнар. Паказаў нашаму кліпмейкеру Аляксандру Крупіне, які зняў нам ужо пяты кліп, і хлопцам з гурта. Усім спадабалася, таму вырашылі тэрмінова распачынаць працу. Працавалі па-спартанску, знялі за дзень і за тыдзень зрабілі мантаж. Вось і атрымаўся навагодні падарунак».
Усе ўдзельнікі гурта дзякуюць Аліне Талай, за тое што пагадзілася на ўдзел і мужна вытрымала здымачны дзень, а таксама Паўлу Белавусу і жыхарам кватэры — кату Яшу і сабаку Моніцы, у якой здымаўся амаль увесь кліп.


