Вядомыя гродзенцы «азвярэлі» каб падтрымаць бяздомных жывёл

У Гродне чарговы раз вырашылі прыцягнуць увагу да праблем бяздомных жывёл. У іх падтрымку выступілі вядомыя гродзенцы, якія ў фотапраекце Наталлі Бакей «ператварыліся» ў катоў і сабак.

2_64.jpg


У акцыі прынялі ўдзел вядомыя асобы з самых розных сфер дзейнасці. Сярод іх: харэограф Оля Лета, вакаліст гурта Dzieciuki Аляксандр Дзянісаў, дызайнер Леначка Паспелава, чэмпіён Балтыйскай лігі па кікбоксінгу Рынат Булатаў. Таксама ў акцыі прынялі ўдзел хакеісты гродзенскага «Нёмана» браты-блізняты Сяргей і Аляксандр Маляўкі і Сяргей Дарафееў.


Аўтар праекта фатограф Наталля Бакей распавяла, што яе мэта — заклікаць людзей забіраць жывёл з пункта часовага ўтрымання.
«Цяпер, калі наступілі зімовыя халады, у пункце часовага ўтрымання знаходзіцца самая вялікая колькасць катоў і сабак за ўвесь час яго існавання. Наша мэта — заклікаць людзей узяць да сябе дадому жывёл і такім чынам выратаваць котку або сабаку, якія стануць яго надзейнымі сябрамі», — сказала Наталля.
Пункт часовага ўтрымання гэта не прытулак. Па правілах трымаць жывёлу даўжэй за пяць дзён тут нельга.
Руслан Кулевіч, hrodna.life