Вясёлкавыя ідуць
Чарговы ўсплёск заклапочанасці ў беларускім сеціве: з 17 красавіка па 17 мая ў Беларусі абвешчаны другі па ліку месячнік супраць гамафобіі.
Чарговы ўсплёск заклапочанасці ў беларускім сеціве: з 17 красавіка па 17 мая ў Беларусі абвешчаны другі па ліку месячнік супраць гамафобіі. Арганізатарамі кампаніі выступілі дзве вядучыя
ЛГБТ-ініцыятывы (ініцыятывы, што дбаюць аб праблемах лесбіянак, гомасексуалаў, бісексуалаў і трансвестытаў) краіны: праваабарончы праект «ГейБеларусь» і Беларуская ініцыятыва за
сексуальнае і гендэрнае раўнапраўе, пры падтрымцы парталу Gay.by, Беларускага Хельсінкскага камітэта, Беларускай Партыі «Зялёныя», Маладых сацыял-дэмакратаў — Маладой
Грамады, РМГА «Встреча».
Арганізатары ганарацца тым, што, у параўнанні з 2008 годам, запланаваныя мерапрыемствы маюць большы маштаб і закранаюць рэгіёны рэспублікі.
Інфармацыю для роздуму дае ўжо сам лагатып акцыі — ружовая выява Беларусі з чорным клічнікам пасярэдзіне. Глядзіш і раптам здагадваешся — традыцыйны «дубовы
лісток» нашай радзімы інтэрпрэтаваны ЛГБТ-актывістамі як ружовы трохкутнік — менавіта такой лычкай у нацысцкіх канцлагерах пазначалі вязняў нетрадыцыйнай арыентацыі.
Пасля другой сусветнай вайны гэты знак стаў сімвалам дыскрымінацыі геяў у
грамадстве і барацьбы супраць яе. Менавіта асветніцкія і адукацыйныя мэты мае ініцыятыва, пра якую гаворка. А гэта значыць, шоу пераапранутых у жаночую вопратку таварышаў больш не ў модзе. На
павестцы дня ў беларускіх геяў — барацьба з негатыўным стэрэатыпам сексуальных меншасцяў, глыбока ўкаранёным у беларускім грамадстве, заклік да талерантнасці. Нездарма адной з акцыяў
станецца мемарыяльна-сімвалічнае ўскладанне кветак на месцы канцлагера смерці «Трасцянец» пад Мінскам.
Беларускамоўнасць лідэра ініцыятывы Сяргея Атрошчанкі надзвычай пужае настроеную супраць геяў кансерватыўна-хрысціянскую частку беларускага грамадства — асноўных апанентаў правядзення
якіх-кольвек акцый такога кшталту. Яшчэ б — у іх шчыльныя рады зацясаўся не проста ліберал-«вычварэнец»! Але, нягледзячы на моўную пазіцыю, ніяк не выпадае назваць
Атрошчанку новым Эдзікам Тарлецкім. Калі ў дзейнасці легендарнага шоумена, правакатара, выдаўца часопісаў «Форум-Лямбда» і «Taboo» прасочваліся выразныя
эстэтычна-культурніцкія намеры, Атрошчанка і яго паплечнікі значна больш сацыяльна заангажаваныя.
Нездарма ў раскладзе мерапрыемстваў, запланаваных на антыгамафобны месяц, — «круглыя сталы» па асноўных праблемах беларускіх гей- і лесбі-супольнасці, паказ дакументальных
фільмаў, сацыяльныя акцыі… Так, 13 мая ў Гомелі запланаваная акцыя «Вясёлкавая паштоўка». Актывісты збяруцца, каб падпісаць рознакаляровыя пасланні мясцовым чыноўнікам,
бізнесоўцам і іншым уплывовым асобам.
Не менш цікавай можа быць літаратурна-мастацкая майстэрня «Rainbow House», анансаваная 7 мая ў мінскім клубе «6-А». Абяцаюць паказаць творчасць беларускіх
літаратараў і музыкаў і мастакоў, прысвечаную ЛГБТ-праблематыцы. Прынамсі, у крытыкаў і мастацтвазнаўцаў з’явіцца шанец даведацца, ці існуе з нашай краіне гей-культура як феномен.
Скончыць Месяц супраць гамафобіі беларускія ЛГБТ-актывісты плануюць у Дзень супраць гамафобіі — 17 мая ў Маскве ўдзелам у «Славянскім гей-прайдзе».