Вясной у Менску пройдзе Moving Art Festival

Вялікі афлайн-івэнт адбудзецца ў сакавіку на пляцоўцы MAF. Будуць выстаўляць арт, паказваць кіно, вучыць танцам.

148487815_753186335625527_1721100242769724364_n.jpg

Фестывальныя падзеі запланаваныя на кожную суботу месяца: 6, 13, 20 і 27 сакавіка. Прыме іх пляцоўка MAF, што на заводзе «Гарызонт». У праграме – выставы, арт-інсталяцыі, кінапаказы, тэатр, танцавальныя і творчыя майстар-класы, лекцыі і сустрэчы са знакамітымі дзеячамі мастацтва, музыкальныя выступы, начныя дыджэй-сэты.
За музыку на фэсце адказваюць сярод іншых гурт «СОЮЗ», Менскі Госпэл Хор, Minsk Improvisers Orchestra, Radio Plato.
Яўгенія Арлова (дырэктарка прасторы MAF):
«Часцей за ўсё людзі на выставах ці ў оперы нудзяцца проста таму, што не разумеюць мастацтва. Ідэя Moving Art Festival палягае ў тым, каб папулярызаваць мастацтва і зрабіць яго інтэртэйнментам – зрабіць так, каб у яго можна было ўцягнуцца.
Асаблівасці фестывалю – мноства жанраў і інтэрактыўнасць: ты не толькі глядзіш на мастацтва, але і можаш навучыцца, напрыклад, маляваць, рабіць фільмы, абмяркоўваць кіно разам з крытыкамі, удзельнічаць у варкшопах і лекцыях.
Мяне не прываблівае анлайн-фармат мерапрыемстваў, бо нефармальныя знаёмствы, уражанні, насычаную кантэнтам прастору немагчыма перадаць дыстанцыйна. Для ўсіх наведвальнікаў на фестывалі будуць выкарыстоўвацца неабходныя захады: абмежаваная колькасць людзей у залах, уваход толькі ў медычнай масцы, наяўнасць сродкаў дэзынфекцыі, а таксама ўборка, праветрыванне і дэзынфекцыя памяшкання пасля кожнага мерапрыемства. Да таго ж агульная плошча пляцоўкі налічвае 900 квадратных метраў – гэта дазволіць гасцям прытрымлівацца адлегласці 1,5 метра адно паміж адным і пачувацца камфортна.
Мы запусцілі гэты фестываль яшчэ ў красавіку 2020-га, і ён два разы скасоўваўся. З гэтага моманту мінуў ужо амаль год, і я бачу, што людзі маральна прытаміліся – усё ж такі эфект сінэргіі нельга недаацэньваць. Быць здаровым псіхалагічна гэтак жа важна, як і быць здаровым фізічна. Калі доўга знаходзішся ў стане пустэчы і безвыходнасці, вонкавыя абставіны пачынаюць руйнаваць тваё жыццё, ты робішся негатыўным і замыкаешся ў сабе. Хочацца запусціць у памяшканне кісларод. Я спадзяюся, што наш фестываль – гэта кісларод, што здолее паспрыяць акрыянню».
Падрабязней пазнаёміцца з праграмай можна на сайце MAF. Таксама ёсць варыянт далучыцца да падзеі ў якасці валанцёра(-кі).
34mag.net