Вёска вымірае

Не так даўно давялося мне наведаць шэраг невялікіх вёсак Бялыніцкага раёна, бо прайшоў год з дня смерці жончынай бабулі і патрэбна было запрасіць радню на жалобны стол. Не наведваў іх некалькі гадоў, для гэтага не было ніякай патрэбы, дый часу вольнага. Але калі я пабачыў, што ж адбываецца з невялікімі вёскамі, у мяне быў сапраўдны шок.



801c14f07f9724229175b8ef8b4585a8.jpg

Не так даўно давялося мне наведаць шэраг невялікіх вёсак Бялыніцкага раёна, бо прайшоў год з дня смерці жончынай бабулі і патрэбна было запрасіць радню на жалобны стол. Не наведваў іх некалькі гадоў, для гэтага не было ніякай патрэбы, дый часу вольнага. Але калі я пабачыў, што ж адбываецца з невялікімі вёскамі, у мяне быў сапраўдны шок.

Гэтых вёсак ужо практычна няма. У кожнай з іх дажываюць свой век па некалькі састарэлых людзей, калі-нікалі са сваімі сталага ўзросту, не вельмі путнымі, дзецьмі. У некаторыя з вёсачак на лета прыехалі ў бацькоўскія хаты дачнікі, некаторыя стаяць наогул пустымі. Да былых сядзіб з усіх бакоў падступае лес, нідзе не чуваць дзіцячых галасоў. Для састарэлых жыхароў самая важкая падзея ў жыцці — гэта прыезд аўталаўкі, гандлярка якой не толькі прадасць неабходныя тавары, але і распавядзе пра тое, што адбываецца ў свеце. Шмат у каго са старых няма тэлевізара, а калі ж зламаецца радыё... Дваццаць першае стагоддзе на двары...
Асабліва моцнае ўражанне пакінула вёска Барсукі Запольскага сельсавета, дзе стаяць сем цалкам пустых хат і не відаць ні аднаго жывога чалавека. Іх тут папросту не засталося. Хто памёр, каго забралі дзеці. Дарэчы, яшчэ зусім нядаўна хат было восем, але адна згарэла — падпаліў якісь выпадковы грыбнік ці ягаднік. Добра, што зарыва заўважылі жыхары суседніх вёсачак (у якіх таксама пражывае ўсяго па некалькі чалавек), патэлефанавалі ў аддзел МНС, пажарнікі затушылі папялішча і не далі распаўсюдзіцца агню. А гэта ж вёска вядомая паводле пісьмовых крыніц з ХІХ стагоддзя, у 1897 годзе ва ўрочышчы Барсукі было 17 двароў і 112 жыхароў. Ды яшчэ ў 2007 годзе ў вёсцы налічвалася 9 гаспадарак і 11 жыхароў.
Цалкам пустымі стаяць былы пасёлак Жорнаўка Цяхцінскага, вёска Студзёнка Запольскага сельсаветаў, дажываюць свой век апошнія жыхары ў Дуброве, Старыне, Скавародцы, Паліўніках, Парахоўцы, Малатоўках, Мазках, Курганні, Гуце, Ігліцы...
Не трэба быць прарокам, каб зразумець, што ў бліжэйшы час сітуацыя з малымі вёскамі ў Бялыніцкім раёне будзе толькі пагаршацца, і ў хуткім часе яны сыдуць у нябыт разам са сваімі апошнімі жыхарамі. Таксама зразумела, што колькасць выміраючых вёсак у нашым раёне, як і ў краіне ў цэлым, будзе толькі павялічвацца. Дзяржава ўзяла курс на ўзбуйненне сельскагаспадарчай вытворчасці, усё працаздольнае насельніцтва канцэнтруецца ў аграгарадках, на цэнтральных сядзібах гаспадарак. А гаспадарак гэтых у нас у раёне з кожным годам усё менш.
Мае асабістыя назіранні паказваюць, што як толькі з вёскі знікае вытворчая дзейнасць, зачыняецца школа, крама — жыццё ў гэтай вёсцы пачынае паступова затухаць. Мне ўжо зараз сумна глядзець на некаторыя былыя цэнтральныя сядзібы гаспадарак Бялыніцкага раёна — жыццё ў іх замірае, рэзка памяншаецца колькасць працаздольнага насельніцтва і дзяцей. А што будзе яшчэ праз некалькі год?
Барыс Вырвіч, Бялынічы