VOKA выпусціў фільм пра першую беларуску на вяршыні Эверэста

Відэасэрвіс VOKA выпусціў дакументальны фільм «Набіраючы вышыню» пра Алу Касабуцкую – першую беларуску, якой удалося ўзысці на Эверэст. Паглядзець яго можна тут.

nabiraja_vysotu_voka.jpg


Ала Касабуцкая – топ-менеджар з 15-гадовым стажам, захопленая бегам, плаваннем і альпінізмам. Яна прабегла каля 30 паўмарафонаў і 5 марафонаў серыі Majors. У 2018 годзе праплыла Le Defi de Monte-Cristo, у 2017-м паднялася на Эльбрус (5642 метры), а ў 2020-м – на Кіліманджара (5895 метраў) і Катапаксі (5897 метраў).
Рашэнне адправіцца на Эверэст Ала прыняла ўсяго за паўгода да пачатку экспедыцыі – і ў 5:45 23 траўня 2021 года стала першай беларускай, якой удалося падняцца на вышыню 8848 метраў над узроўнем мора.
«Набіраючы вышыню» – гэта гісторыя смелай і валявой жанчыны, якая захацела давесці сабе, што для яе няма нічога немагчымага, і адкрыта распавяла на камеру, што адчувала пры гэтым. Асновай для фільма сталі інтэрв'ю з Алай і яе мамай, а таксама відэа, знятыя ў гарах падчас экспедыцыі: прызямленне ў самым небяспечным аэрапорце свету Лукла, дзень нараджэння па дарозе ў базавы лагер Эверэста, першыя акліматызацыйныя выхады, спробы штурмаваць вяршыню і той самы момант на легендарным «Даху свету».
«Я не чакала такой прыгажосці, такой моцы і ўсяго таго, што я там убачыла. Там ты разумееш, што ты пясчынка. І чаму альпіністы не любяць выраз «Скарыць гару». Ты не можаш заваяваць вось гэтую моц – ты можаш заслужыць гонар пабываць там. І калі табе пашанцавала, ты можаш толькі шчыра падзякаваць Сусвету, гары, таму, у каго ты верыш, за тое, што табе давялося ўбачыць тое, што ўдаецца далёка не многім», – казала Ала Касабуцкая пасля гістарычнага узыходжання.
Фільм «Набіраючы вышыню» – гэта эксклюзіўны кантэнт, створаны відэасэрвісам VOKA, які даступны па падпісцы «Усё ўключана» і «Амедыятэка» на сайце voka.tv і ў дадатку VOKA.
Паводле прэс-рэліза