Вольскі дасць вялікі сольны канцэрт у Мінску ўпершыню за 7 гадоў

Лявон Вольскі 21 верасня дасць сольны канцэрт у мінскім клубе «Prime Hall». Ён з гуртам выканае альбом «Белая яблыня грому» на вершы класікаў беларускай паэзіі, а таксама свае найлепшыя песні.

a4eeb267_fa4a_462d_b775_01b7bbbfae0f_w1023_r1_s.jpg

Квіткі з’явяцца ў продажы апоўдні 30 жніўня. Клуб можа прыняць больш за паўтары тысячы слухачоў.

Лявон Вольскі, як мяркуецца, доўгі час быў у «чорных спісах» музыкаў, якім не давалі адкрыта выступаць у Беларусі. Сваё 50-годдзе ён адзначаў канцэртам не ў клубе, а ў падземным пераходзе. Час ад часу музыка паведамляў, што будзе «выпадкова заходзіць» у той ці іншы бар, дзе ладзіў «партызанскія» канцэрты. Вялікія канцэрты Вольскі даваў за мяжой, у тым ліку ў памежных Вільні і Беластоку.

Але апошнім часам музыку сталі дазваляць выступы: 5 жніўня Вольскі выступіў з «Крамбамбуляй» на піўным фэсце ў Мінску (тады двух фанатаў з бела-чырвона-белым сцягам затрымалі і аштрафавалі), а 24 лютага спяваў у тым самым “Prime Hall” у складзе «Народнага альбому» (абышлося без затрыманняў).

www.svaboda.org