Востраў творчай свабоды на Карла Маркса
У выходныя вуліца Карла Маркса прыцягнула тысячы мінчан, што сталі сведкамі шматлікіх канцэртных нумароў і мастацкіх перформансаў, якія выконваліся як прафесіяналамі, так і артыстамі-аматарамі.
Гурт "Re1ikt" і яго прыхільнікі.
Дзейнасць своеасаблівага “вольнага творчага горада” на вуліцы Карла Маркса добра зарэкамендавала сябе ў мінулыя гады, калі ў цэнтры нашай сталіцы, на яе адной з самых прыгожых вуліц разгортваліся разнастайныя фотавыставы, кірмашы народных майстроў, канцэрты вулічных артыстаў, выступленні вядомых музычных гуртоў…
Урокі старадаўніх танцаў на К. Маркса
У мінулыя выходныя, якія выдаліся цёплымі і сонечнымі, многія жыхары сталіцы рушылі на сустрэчу з цікавым і захапляльным. Іх чакалі выступленні хіп-хоп- і фальклорных танцавальных калектываў, фокуснікаў, мімаў і спартсменаў-віртуозаў, якія дэманстравалі фенаменальныя здольнасці ў валоданні футбольным мячом і іншымі спартыўнымі снарадамі.
Рытмы народнай музыкі
Адной з цэнтральных падзей у “вольным горадзе” на Карла Маркса стаў вулічны канцэрт вядомага беларускага “цяжкага” гурта “Re1ikt”. Гэтым разам “рэлікты” засяродзіліся на медытатыўных асаблівасцях іх музыкі і зачароўвалі слухачоў нетаропкімі мелодыямі і сакавітымі аранжыроўкамі, гучаннем акустычнай бас-гітары і перкусіі.
Грае гурт "Re1ikt"
Для сваіх прыхільнікаў гурт “Re1ikt” выканаў некалькі хітоў з іх альбомаў “Вытокі” і “Рэкі прабілі лёд”, кавер на песню Ніла Янга “Oldman”, які ў беларускамоўным варыянце мае назву “Стары, паглядзі на мяне”, апрацоўкі беларускага фальклору, а таксама новыя кампазіцыі са свайго рэпертуару. У той жа час, дзякуючы салісту гурта У. Казлову сэт гурта “Re1ikt” ператварыўся ў нязмушаны дыялог са слухачамі, які даў магчымасць больш глыбока пазнаёміцца з песнямі гурта, з творчымі планамі і перспектывамі развіцця ўсяго нацыянальнага напрамку ў сучаснай беларускай рок-музыцы.
Саліст "Re1ikt" У. Казлоў
“Вольны творчы горад” на вуліцы Карла Маркса будзе збіраць слухачоў і гледачоў па суботах і нядзелях аж да канца верасня. Артыстычны сезон на адкрытым паветры завяршыцца вялікім гала-канцэртам найлепшых артыстаў і калектываў, якія радавалі жыхароў сталіцы на працягу ўсяго лета.