Выйшла кніга пра Ермаловіча — гісторыка, які вярнуў беларусам годнасць

Кніга пра Міколу Ермаловіча працягнула серыю «100 выдатных дзеячоў беларускай культуры». У брашуры кішэннага фармату — каб зручней было чытаць у грамадскім транспарце — аўтары імкнуліся перадаць усю значнасць асобы славутага гісторыка.



mikola_jermalovicz.jpg

Аўтарам кнігі пра Міколу Ермаловіча стаў Анатоль Астапенка — навуковец, літаратар і палітык, які асабіста яго ведаў. На пачатку 90-х Ермаловіч і Астапенка былі сустаршынямі Нацыянал-дэмакратычнай партыі і сябравалі. «Уціснуць такую гіганцкую постаць у такі невялікі памер — гэта складаная задача, таму трэба было зрабіць квінтэсенцыю ўсяго, што я мог сказаць. Думаю, у мяне гэта атрымалася, і галоўнае я сказаў: гэта чалавек, які вярнуў годнасць народу», — адзначыў Анатоль Астапенка, аўтар кнігі.
Серыю «100 выдатных дзеячоў беларускай культуры» запачаткаваў Анатоль Тарас ды Інстытут беларускай гісторыі і культуры. Кніга пра Ермаловіча — 25-ая ў серыі. Спадар Анатоль называе тых асобаў, якім будуць прысвечаныя наступныя пяць выданняў.
«Баршчэўскі быў наш знакаміты пісьменнік, паэт. Мікалаю Нікіфароўскаму, краязнаўцу. Аляксей Сапуноў, таксама краязнаўца. Потым мастак Іван Хруцкі і самы знакаміты ў свеце мянчук — кампазітар Станіслаў Манюшка», — кажа рэдактар серыі Анатоль Тарас.
Серыя «100 выдатных дзеячоў беларускай культуры» разлічаная на бліжэйшыя пяць гадоў. Апошняе выданне мае выйсці ўвесну 2019-га.
belsat.eu