Выйшаў трэйлер фільма пра «Матчын рух 328»

Выйшаў трэйлер дакументальнага фільма пра «Матчын рух 328», паведамляе Еўрарадыё. Сама стужка амаль гатовая, яна называецца «Generation 328». Яе зняла беларуская рэжысёрка Ніка Ніканава, якая жыве ў Нью-Ёрку.

maci_328_logo_1.jpg

Фільм ахоплівае перыяд з пратэстнай вясны 2017 года, калі «Маці 328» — бацькі, якія дамагаюцца перагляду справаў сваіх дзяцей, асуджаных па «наркатычным» 328-м артыкуле Крымінальнага кодэкса, — прымалі ўдзел у вулічных акцыях, да нашых дзён. Гэта гісторыя амаль безнадзейнай барацьбы, якую некалькі дзясяткаў чалавек вядуць супраць сістэмы. У кадрах, знятых Нікай Ніканавай, шматлікія пікеты, галадоўка, якую «Маці 328» зладзілі ўвесну 2018 года, турэмная хроніка, выступы Аляксандра Лукашэнкі, эксклюзіўныя інтэрв’ю.
Рэжысёрка пазіцыянуе свой фільм як гісторыю жаночага супраціву «насуперак апошняй дыктатуры ў Еўропе», хаця ў «Матчыным руху 328» ёсць і мужчыны. На думку Нікі Ніканавай, маці змагаюцца за вызваленне сваіх сыноў, «прысуджаных да дзесяцігоддзяў за паленне марыхуаны ў Беларусі», хаця справа, насамрэч, не ў канкрэтным наркотыку: большасць «Маці 328» даводзяць, што іх дзяцей з дапамогай ускосных і няпэўных доказаў незаслужана асудзілі як распаўсюднікаў наркатычных рэчываў і ўдзельнікаў нейкіх арганізаваных груп, хаця яны былі ўсяго толькі спажыўцамі.

У 2018 годзе «Маці 328» пабывалі на сустрэчы ў Адміністрацыі прэзідэнта і дамагліся распрацоўкі паправак у Крымінальны кодэкс, якія паніжаюць найменшае магчымае пакаранне па артыкуле 328. Але супраць гэтых паправак выступілі МУС і Вярхоўны суд. Дэпутаты вырашылі не разглядаць дакумент на зімовай сесіі.
Нядаўна стала вядома, што змены ў «наркатычны» артыкул будуць вынесеныя на разгляд Палаты прадстаўнікоў падчас веснавой сесіі, якая пачнецца 2 красавіка. Але наркакантроль ізноў выказаўся супраць гэтых паправак.