Выйшла кніга ўспамінаў пра кардынала Казіміра Свёнтка

У выдавецтве «Pro Christo» выйшла ў свет кніга ўспамінаў пра незвычайную асобу — першага ў гісторыі Каталіцкага Касцёла сучаснай Беларусі кардынала Казіміра Свёнтка.
«Мяне заўсёды ратавала вера…» — гэта кніга-сведчанне тых, хто добра ведаў кардынала, хто з ім працаваў, хто меў шчасце з ім кантактаваць і быць сведкам яго жывой непахіснай веры, яго адданасці Хрысту і Касцёлу, адзначаецца на сайце часопіса «Ave Maria».

 Уступнае слова да выдання напісаў арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч.

Заслужаны беларускі іерарх, які ў 1991 годзе ўдзяліў будучаму кардыналу біскупскае пасвячэнне, а ў 2007 годзе стаў яго наступнікам на Мінска-Магілёўскай катэдры, ва ўступным слове піша пра Казіміра Свёнтка:

«Яго імя як жывога мучаніка часоў атэістычных ганенняў на веру, першага Мінска-Магілёўскага Мітрапаліта, Апостальскага Адміністратара Пінскай дыяцэзіі, а таксама першага і шматгадовага Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі залатымі літарамі ўпісанае ў сучасную гісторыю адраджэння Каталіцкага Касцёла на Беларусі.
<…>

Сваім ахвярным служэннем цягам 20-і гадоў кардынал Казімір Свёнтэк пакінуў важкі след у гісторыі Каталіцкага Касцёла на Беларусі. Найважнейшымі вехамі яго служэння неабходна лічыць аднаўленне мінскай архікатэдры Імя Найсвяцейшай Панны Марыі і дзейнасці Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя святога Тамаша Аквінскага ў Пінску, у якой ён сам атрымаў святарскую фармацыю, правядзенне Сіноду Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, Пінскай і Віцебскай дыяцэзій, заснаванне неабходных для дзейнасці Касцёла структур, у тым ліку такіх важных як выдавецтва і СМІ, падрыхтоўку і выданне літургічнай і катэхетычнай літаратуры, арганізацыю дабрачыннай дзейнасці і шмат чаго іншага.

Сустракаючыся і працуючы разам з кардыналам Казімірам Свёнткам, я перадусім быў уражаны клопатам Яго Эмінэнцыі пра Касцёл і яго будучыню. Касцёл яму быў Маці, якая яго нарадзіла для духоўнага жыцця, і якой ён ахвярна служыў да канца сваіх дзён.

У кардынале Свёнтку ўражвала таксама і тое, што ён ніколі не наракаў на цяжкасці, нават на тыя, што спазнаў у вязніцы, будучы асуджаным на вышэйшую меру пакарання — расстрэл.

У самых складаных сітуацыях ён давяраў Божаму Провіду, а не „моцным“ гэтага свету. Па жыцці яго вяла глыбокая вера ў Бога і апека Найсвяцейшай Панны Марыі», — адзначае арцыбіскуп Кандрусевіч.

Кніга «Мяне заўсёды ратавала вера…» — гэта сведчанні многіх духоўных і свецкіх асобаў, якія дапамогуць нашым сучаснікам і нашчадкам больш глыбока пазнаць асобу кардынала Казіміра Свёнтка, больш даведацца пра яго як чалавека і касцёльнага іерарха. Арцыбіскуп эмерыт лічыць, што яна стане добрым дапаможнікам і ў вывучэнні гісторыі Касцёла, «які, дзякуючы Яго Эмінэнцыі кардыналу Казіміру Свёнтку, а таксама шматлікім мучанікам і вызнаўцам веры, святарам, кансэкраваным асобам і свецкім вернікам, уваскрасае, як птушка фенікс з попелу».

Прэзентацыя новага выдання адбылася з удзелам арцыбіскупа Кандрусевіча 22 кастрычніка ў катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі ў Мінску пасля святой Імшы ў гадавіну рэкансэкрацыі галоўнай святыні Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Паводле catholic.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: